Беларускіх каталіцкіх святароў стане больш
Калі ў мінулым годзе гродзенская семінарыя прымала 10 чалавек, то ў гэтым годзе гатовы залічыць удвая больш. Такое рашэнне, па словах рэктара семінарыі ксяндза Іосіфа Станеўскага, абумоўлена двайным выпускам са школ. Да таго ж у каталіцкіх епархіях Беларусі не хапае беларускіх святароў.
– Гэта мы толькі абвясцілі пра падвойны набор, бо можам узяць і болей – толькі каб знайшліся годныя юнакі, якія адчулі пакліканне стаць святарамі, – гаворыць рэктар семінарыі. – У мінулыя гады мы прымалі 16, а было і 25. Ужо пачынаюцца рэкалекцыі, такія духоўныя практыкаванні, юнакі моляцца, прыходзіць шмат. Але хто ў выніку падасць заяву, пабачым, усё-ткі гэта рашучы крок. Мяркую, што будзе заяў 15 сёлета. Але на ўсё Божая воля, – дадаў ксёндз Іосіф.
Пры паступленні ў семінарыю абітурыент акрамя атэстата, ваеннага білета і медычнай даведкі, мусіць падаць пасведчанне аб хрышчэнні, канфірмацыі, катэхізацыі, вянчанні бацькоў і характарыстыку святара сваёй парафіі. Падчас уступнага экзамена абітурыенты паказваюць агульны ўзровень інтэлектуальнага і асобаснага развіцця, веданне асноў каталіцкай рэлігіі.
Сёлета экзамен адбудзецца 20 ліпеня.
Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя была заснавана ў 1990 годзе архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам і мае статус вышэйшай навучальнай установы. За 19 гадоў яе выпускнікамі сталі больш як 170 святароў, сярод якіх каля 90 працуюць у Гродзенскай епархіі, а астатнія – у іншых епархіях Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана.
Здымак з catholic.by