У Гародні расказалі пра драўляную спадчыну (фота)
Цягам імпрэзы вядоўца Таццяна Касатая разыграла паміж прысутнымі тэматычныя падарункі (паштоўкі ды складанкі “Гарадзенская ратуша”) і паказала стужку, знятую пра Новы Свет пару гадоў таму. Для маленькіх гасцей была падрыхтаваная свая атракцыя: яны размалёўвалі абрысы старых дамкоў каляровымі алоўкамі — вынікі былі неўзабаве вывешаныя побач з чарцяжамі і прафесійнай графікай мастачкі Наталлі Клімовіч.
“У нас была шалёная ідэя спаліць інсталяцыю з паддонаў як сімвал знішчэння Новага Свету, — кажа прысутным Таццяна, — але мы, зразумела, ад яе адмовіліся. Рэч у тым, што будынак, выява якога на ёй, акурат згарэў у 2009-м пры таямнічых абставінах…”
Сапраўды, некаторыя з асабнякоў, пра якія вядзецца гаворка, ужо выселеныя і стаяць на чарзе пад знос. Таму выстава пакліканая не проста паказаць прыклады з гісторыі архітэктуры, але і звярнуць увагу на мясцовую драўляную спадчыну, актуалізаваць яе для далейшага развіцця і выкарыстання, без страты аўтэнтычных рысаў.
Таццяна, сябра ініцыятывы “Варштат Ідэй”, плёнам дзейнасці якой з’яўляецца праект “Драўляная архітэктура Гародні”, глядзіць на перспектывы Новага Свету без асаблівага аптымізму:
“Адзіны механізм захавання гэтых дамоў — гэта ўносіць іх у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Нам адмаўляюць, калі мы звяртаемся з такімі зваротамі, “не для пратаколу кажучы”, маўляў, драўляную архітэктуру ніхто ўносіць не будзе. Некаторыя з гэтых дамоў належаць аднаму ўласніку. Таму ёсць шанец пераканаць яго, што будынак унікальны, варта яго рэстаўраваць і захоўваць”.
З гэтай нагоды ў сяброў праекта ёсць ідэя зноўку пачаць перамовы з уладальнікамі будынкаў, што ўжо рабілася ў 2007—2008 годзе. Марнаваць час у гэтым выпадку не варта, бо, паводле прагнозаў, некаторыя будынкі можна страціць ужо ў гэтым годзе.
Іншы варыянт — наўпрост выкупаць дамы, якія ўяўляюць каштоўнасць, аднак тут патрэбная ўжо зусім іншая матэрыяльная база, чым для правядзення выставы, прысвечанай “драўлянай спадчыне”.