Беларуская пісьменніца-казачніца Алена Масла 4 верасня наведае бібліятэкі Гродна
Алена скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала фотакарэспандэнтам у газэце “Піянер Беларусі” (“Раніца”), рэдактарам краязнаўчага аддзела ў газэце “Туризм и отдых”, рэдактарам аддзела часопіса “Качели”, галоўным рэдактарам газэты “Переходный возраст”, загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Піша казкі. Друкавалася ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, “Вясёлка”, газэце “Літаратура і мастацтва” і інш. Аўтар кніг “Рождество у крёстной” (2005), “Таямніца закінутай хаты” (2005), “Вандроўка з божымі кароўкамі” (2007), шэрагу публікацый у пэрыёдыцы на тэму развіцця беларускай дзіцячай літаратуры. У 2007 годзе адзначана Пасведчанннем чытацкіх сымпатый па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская кніга” (Беларуская бібліятэчная асацыяцыя). Жыццё ўспрымае як суцэльную казку: з рознымі прыгодамі і здарэннямі, але абавязковай перамогай Дабра.
У Гродна Алена Масла сустрэнецца з чытачамі-дзецьмі 4 верасня ў 13.00 у аддзеле абслугоўвання дзяцей Гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка (вул. Цітова, 12). У гэты ж дзень у 14.30 адбудзецца сустрэча пісьменніцы з прадстаўнікамі гарадскіх бібліятэк, гродзенскімі пісьменнікамі ў чытальнай зале Гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Макаёнка (вул. Сав. Пагранічнікаў, 51/2).
Даведкі па тэлефонах: 52-14-06, 52-14-38.