Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” абвяшчае новы набор

|

Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” (УЗВ) быў створаны ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар“.

 

За гэты час удзел у гэтай Праграме, накіраванай паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю, узяло больш за 300 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год.

 

Сёлета праграма заняткаў ва УЗВ будзе складацца з агульных заняткаў (на тэмы здароўя, гісторыі, культуры і г.д.), больш як 25 секцый і клуба па інтарэсах.

 

Самыя папулярныя секцыі УЗВ у 2013/2014 гг.


Апроч таго, слухачы УЗВ актыўна працуюць на карысць грамадства. Штогод у межах рэалізуемай імі “Школы добрых справаў” здзяйсняецца некалькі дабрачынных акцый.

 

Так, у мінулым навучальным годзе (2013/2014) сталымі людзьмі быў арганізаваны збор ахвяраванняў для прытулку для бяздомных жывёлаў, рэчаў для людзей у складаных жыццёвых сітуацыях.

 

Валанцёры УЗВ аднымі з першых прыйшлі аднаўляць пацярпелыя ад мінулагодняга пажару памяшканні гарадзенскай сінагогі. Фота Марыі Станіславіч


Са студзеня гэтага года на базе УЗВ працуе праграма “Малодшы брат, малодшая сястра”, у межах якой сталыя студэнты дапамагаюць яшчэ больш сталым людзям – былым малагадовым вязням фашысцкіх канцлагераў.

 

УЗВ – гэта месца не толькі для вучобы, але і для прыемнага адпачынку ў кампаніі з новымі сябрамі


У 2012 г. “Універсітэт Залатога Веку” быў згаданы ў Нацыянальнай справаздачы пра выкананне нашай краінай Мадрыдскага міжнароднага плану дзеяняў па праблемах старэння.

 

Як стаць удзельнікам праграмы “Універсітэт Залатога Веку”?

Каб стаць удзельнікам праграмы ў 2014-2015 гг. неабходна затэлефанаваць з 15 да 19 верасня па нумары 75-71-72 з 12.00 да 16.00 і запісацца на прэзентацыю праграмы новага акадэмічнага года.

 

У час прэзентацыі арганізатары прадставяць дадатковую інфармацыю пра гісторыю “Універсітэту Залатога Веку”, яго мэты і прынцыпы працы, пазнаёмяць з патрабаваннямі да ўдзелу ў праграме, са зместам працы секцый УЗВ.

 

Перавагай у час адбору сёлета будуць карыстацца:

 

– асобы пенсійнага ўзросту, якія маюць высокую матывацыю да ўласнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця, удзелу у жыцці грамадства, а таксама дастаткова часу, каб наведваць заняткі і секцыі “Універсітэту Залатога Веку” (у тым ліку ў дзённы час);

– удзельнікі праграмы ў 2010-2014 гг., якія атрымлівалі пасведчанне пра ўдзел у ёй;

– ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій, былыя малагадовыя вязні канцэнтрацыйных лагераў;

– сямейныя пары.

 

Урачыстае адкрыццё новага акадэмічнага года УЗВ плануецца на 16 кастрычніка.