“1514” – дзіцячы настольны блакбастэр
Улетку 1514 году, пасля працяглай аблогі, маскоўскім войскам удалося захапіць Смаленск. Здавалася, шлях у глыбіню Беларусі, для яе захопу, быў адкрыты і Вялікі князь маскоўскі Васіль III рушыў далей сваё незлічонае войска. Каб спыніць наступ маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Казіміравіч, накіраваў насустрач палкі Вялікага княства Літоўскага, пад камандаваннем Гетмана найвышэйшага, князя Канстанціна Астрожскага.
Раніцай, 8 верасня, дзве вялікія сілы сыйшліся на полі пад Оршай…
Адразу, адкрываючы гульню, радуе прыгожы дызайн каробкі, поля, картак, падкупляюць пластмасавыя фігуркі “пяхоты”, “артылерыі” і “конніцы”. Правілы гульні змяшчаюцца на адным аркушы паперы і вельмі лёгкія для ўспрымання. Сама механіка гульні не складаная і пабудавана большай часткай на “рандоме”: кіданні кубіка і выцягванні адпаведных картак з добрымі і не вельмі спрыяльнымі заданнямі.
Фігуркі расстаўлены па два бакі мапы – і войска Вялікага Княства Літоўскага рушыць у бой супраць Маскоўскага княства. Гуляць можна як у двух, так і ўшасцёх. У час дуэльнай барацьбы, кожны рухае па чарзе сваю “пяхоту”, затым “конніцу”, а потым пускае ў бой “артылерыю”. Калі ж гуляеце ў чатырох ці ўшасцёх, то кожны кіруе сваёй фігуркай. Прайсці шлях вельмі хутка ў вас не атрымаецца, бо карткі з заданнямі то дапамагаюць вам, то адварочваюць ад вашага войска поспех. Яшчэ цяжэй, калі давялося ўступіць у “Бой”: вас пры самым дрэнным раскладзе могуць адцясніць на 6 крокаў назад.
Дадзеная гульня стане сапраўдным блакбастэрам у дзіцячым і школьным, а асабліва сямейным асяродку, калі бацькі могуць уступіць у настольную бойку з сваімі дзецьмі. Варта паспрабаваць і моладзі, асабліва аматарам гісторыі. Праўда, што з’яўляецца недахопам гульні, на картках у заданні не хапае гістарычнага матэрыялу, спасылак да рэальных падзей Аршанскай бітвы. Яшчэ, са свайго боку, я б дадаў магчымасць мець нейкія карты на руцэ, каб падчас гульні была магчымасць выпрацоўваць сваю стратэгію, а не проста спадзявацца на кубік, бо, падаецца, бітву пад Оршай мы выйгралі не дзякуючы “лёсу”, а добра спрацаванай стратэгіі.
Хочацца пажадаць аўтарам поспеху і натхнення на новыя настольныя гульні, альбо на дадатак да гэтай гульні. А набыць настольную гульню “1514” у Гародні можна ў краме “Кубік”. Толькі на гэтым тыдні ў сувязі з 500-годдзем Аршанскай бітвы, гульня будзе прадавацца па спецыяльнай цане. Таксама па спецыяльнай цане будуць прадавацца беларускія настольныя гульні “Паўстанцы” і “Разам!”.