Холм – горад каралёў Русі

| Без катэгорыі

Ведаючы гэты гістарычны факт, я не мог не згадзіцца на прапанову маіх украінскіх сяброў наведаць гэта слаўнае месца, што ляжыць цяпер у Польшчы, каля самай мяжы з Украінай.

Сённяшні Холм, які па-польску завецца трохі іначай – Хэлм – павятовы гарадок (такі сабе райцэнтр) у Люблінскім ваяводстве.

Ад Любліну мы ехалі маршруткай дзесьці трохі больш за гадзіну. Траса была даволі загружаная – усё ж такі галоўная дарога на Валынь.

Як і большасць польскіх «райцэнтраў» горад аказаўся даволі ахайным і задбаным. Адметна, што прыгажосць тут спрабуюць стварыць не толькі ў гістарычным цэнтры, але і на перыферыі.

А гэта ўжо самы што ні ёсць цэнтр. Цэгла на пярэднім плане сімвалізуе падмуркі Холмскай ратушы, якая да нашага часу не захавалася. На заднім плане польская паліцыя і «хуткая» – заклапочаныя лёсам падпіўшага грамадзяніна.

>

Гарадскі транспарт Холму аказаўся «багаты й разнастайны»…

Зацікавіў незвычайны дызайн шапіку RUCH (гэта такі польскі Белсаюздрук). Звычайна «рухаўскі» шапік – нецікавая каробка зялёнага колеру. Акрамя газет і часопісаў тут таксама прадаюцца «капіталістычная атрыбуты» – марсы, снікерсы, Кока-Кола.

Увесь горад раскіданы па пагорках. Акурат побач з месцам, адкуль зроблены здымак, знаходзіцца ўваход у крэйдавыя шахты. Сёння тут музей, у які, на жаль, мы не патрапілі. Кажуць, месца чымсьці нагадвае саляныя шахты ў Вялічцы, толькі меншыя памерам і брэнд не такі «раскручаны».

Храмы гораду і сёння сведчаць пра шматканфесійнасць.

Каталіцкі касцёл Разаслання Святых Апосталаў (1753-1763) …

… і праваслаўная царква Святога Яна Тэолага (1846-1849).

Сэрцам Холму з’яўляецца замкавая гара. Менавіта тут знаходзіўся замак Данілы Галіцкага і месцілася сядзіба праваслаўнай епархіі.

Сёння дамінантай гары з’яўляецца Сабор Багародзіцы, як кажуць украінцы, або Базіліка Найсвяцейшай Панны Марыі, як кажуць палякі.

З канца XVI ст. да 1870-х гэта была ўніяцкая святыня – сядзіба холмскіх уніяцкіх епіскапаў. Калі ў Беларусі ўнія была скасавана (1839), то ў Холме, які ўваходзіў у аўтаномнае Царства Польскае, расейцы унію часова не чапалі. Холм тады стаў сталіцай усіх уніятаў Расійскай імперыі. І прыходы нашага Сапоцкіна, або той жа падгарадзенскай Зарачанкі (тады яшчэ Балі) падпарадкоўваліся холмскаму ўніяцкаму епіскапу.

У 1875 царскія ўлады вырашылі пакончыць з уніяй назусім, ліквідаваўшы яе і ў Царстве Польскім. Каб адзначыць гэту падзею, побач з апошнім уніяцкім саборам была збудавана новая званіца. Тая вежа, што мы ўбачылі, пазнейшая. Тады ж званіца завяршалася традыцыйнай сусальнай расейска-праваслаўнай макаўкай, што мела ўзвышацца над Холмам і сімвалізаваць «исконную русскость и православность» холмскай зямлі.

Сабор стаў праваслаўным. І прабыў ім да 1919 года, калі быў перададзены рыма-каталікам. Касцёлам храм з’яўляецца і сёння. У храме захоўваецца абраз Маці Божай, які, як кажуць, паходзіць яшчэ з часоў Галіцка-Валынскага княства.

Уваходзім у базіліку. Поўна дзяцей, ксёндз грае на гітары і спявае разам з дзецьмі – ідзе рэпетыцыя.

Найстарэйшым з тых будынкаў з’яўляецца т.зв. Усцілужская Брама (1616 г.), названая так ад Усцілуга, гораду на Валыні.

І апошняя адметнасць замкавай гары – шыкоўная панарама сучаснага гораду.

Яшчэ за час падарожжа я даведаўся, што Холм дарагі ўкраінцам не толькі за далёкае мінулае. Аказваецца, тут нарадзіўся Міхайла Грушэўскі – украінскі навуковец і першы прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі.

Такім у той дзень мы ўбачылі Холм. Дарэчы, зірніце на беларускую купюру ў 50 рублёў. Надпіс «Холмскія вароты» пад папулярнай карцінкай Брэсцкай крэпасці сведчыць, што не ўсе дарогі вядуць у Рым. Акурат тая з Брэсту вядзе ад крэпасці сюды – у колішнюю сталіцу дзяржавы Regnum Rusiae.

Здымкі: Сяргей Кузняцоў, Марта Цімашэнка, Ларыса Калеснік

На застаўцы: Побач з базілікай размясціўся комплекс будынкаў колішняга кляштару базыльянаў.