TEDx даехаў да Гародні
25 кастрычніка ў Гародні пройдзе першае TEDx мерапрыемства, на якім выступяць 5 маладых людзей, якія даўно марылі аб тым, каб іх пачулі, і чакалі моманта падзяліцца сваімі ідэямі з шырокай аўдыторыяй.
Вы ўпершыню чуеце пра TED? Тады пачнем спачатку.
Перш-наперш трэба сказаць, што TED — гэта недзяржаўная арганізацыя, якая была заснавана ў 1984 годзе ў ЗША, галоўнай тэмай якой з’яўляецца распаўсюд ідэй. (TED — Ideas Worth Spreading)
Усе адбываецца ў фармаце канферэнцыі, аўдыторыя якой, як правіла, не перавышае 100 чалавек. Існуе 2 фарматы мерапрыемства: глабальны TED-event і TEDx-event — апошняе мае сваёй мэтай ахапіць болей вузкую аўдыторыю і робіць акцэнт на спікерах менавіта з local community. TED вельмі хутка распаўсюджваецца па свеце і сёння TEDx-падзеі праводзяцца ва ўжо больш за 130 краінах свету. На сайце TED.com можна знайсці каля 18 000 запісаў TED-прамоў на больш за 100 мовах.
Узнікае пытанне: чаму TED такі папулярны?
Усе рана ці позна адкрываюць для сябе TED як сродак вывучэння замежнай мовы, для некага гэта просты і даступны спосаб самаадукацыі, а нехта проста чэрпае натхненне ад прагляду прамоў на TED.com.
Не паспрачаешся з тым, што атрымаць карысць ад TED можна і проста праглядаючы ролік у інтэрнэце не выходзячы з дому. Але, як кажа Васіль Слабадзян — дызайнер прэзентацый для TED-выступаў, які ўдзельнічаў у арганізацыі пяці TEDx-канферэнцый у сябе на радзіме ў Кіеве: “Жывая прысутнасць на некалькігадзіннай канферэнцыі ў фармаце TED — гэта як глыток свежага паветра ў гарах. Толькі ў гэтым выпадку глытком будзе натхненне і імкненне рабіць рэчы, вартыя распаўсюду”. Ён вельмі заклікае ўсіх “свядомых беларусаў, якія імкнуцца адкрываць новыя гарызонты і якія не баяцца змяняць парадыгмы свайго мыслення” прыйсці на TEDxYouth@Hrodna. А ўся гарадзенская каманда арганізатараў адзінагалосна далучаецца да гэтых слоў!
TEDx ў Беларусі: шукалі тых, хто пачуўшы пра TED, скажа “афігець, як крута!”
Трэба зазначыць, што арганізатары TEDxYouth@Hrodna не з’яўляюцца першапраходнікамі ў арганізацыі TEDx-івэнтаў у Беларусі.
Рух TEDx зарадзіўся ў Беларусі у 2009 годзе, дзякуючы Дзмітрыю Ганчарову — чалавеку, які выпадкова убачыўшы адзін TED-ролік у блогу стваральніка Gmail — Пола Букхайта — і даведаўшыся пра TED, спытаў самога сябе: “Калі ж гэта будзе і ў нас?” і неадкладна пачаў працу над праектам і сапраўды дасягнуў поспеху.
Фота з TEDxMinsk, Дзмітрый Ганчароў – трэці злева ў верхнім шэрагу
TEDx, як сам прызнаецца Дзмітрый, ён ствараў для самога сябе, таму што асабіста яму не хапала гэтага ў Беларусі. “Як гэта так, паўсюль, ва ўсім свеце есць, а ў Беларусі няма!” Вядома, Дзмітрый спадзяваўся, што пасля гэта будзе цікава не толькі яму, і ён не памыліўся. Мінулай зімой у Мінску была праведзена першая жывая TED-імпрэза, білеты на якую былі раскуплены за лічаныя гадзіны.
Па словах Дзмітрыя, тады ў 2009 годзе знайсці аднадумцаў было не так лёгка. TEDx — гэта некамерцыйнае мерапрыемства і не шмат каму хацелася рабіць нешта цалкам бясплатна і без асаблівых матэрыяльных ці палітычных мэт. Таму раней у Мінску праводзіліся толькі паказы відэазапісаў з TED.com, як сродак знаёмства мінскай аўдыторыі з фарматам. Пасля пачалася арганізацыя прамых трансляцый TED анлайн і да 2013 года ідэі, выказаныя беларусамі, увайшлі нарэшце ў міравую калекцыю TED, а Мінск з’явіўся на мапе TEDx-мерапрыемстваў.
Працэс пошуку аднадумцаў заняў некалькі гадоў і пры арганізацыі не раз прыходзілася выганяць з каманды камерцыйна арыентаваных людзей. Хацелася знайсці менавіта тых, хто, пачуўшы ці убачыўшы TED, імгненна сказаў бы “афігець, як крута!” і цалкам бескарысліва ўцягнуўся бы ў гэта. У рэшце рэшт усе намаганні былі таго вартыя: цяпер арганізатарская каманда і Беларусь увогуле могуць сапраўды ганарыцца тым, на якім узроўні была праведзена першая жывая TEDxMinsk канферэнцыя.
Хто і для чаго прывёз TEDx у Гародню?
Ліцэнзіятка і галоўная арганізатарка гарадзенскага TEDx, Ганка Барадзіна, адказваючы на пытанне, для каго яна прывезла TEDx у Гародню, гаворыць, што “TED — гэта для неабыякавых сучасных людзей, якія маюць годныя ідэі і гатовы імі дзяліцца”.
Чаму Гародня? Таму што, на яе погляд, гэта горад, у якім у TEDx мае ўсе шансы на поспех і мусіць затрымацца: папрацаваўшы пару гадоў у Гародні ў валанцёрскай арганізацыі як з моладдзю, так і з болей старэйшымі гарадзенцамі, яна цалкам пераканалася ў тым, што жыхары Гародні адкрытыя, актыўныя і неабыякавыя — якраз тое, што трэба!
Для тых, хто ўжо задумваецца аб магчымасці правядзення самастойнай TED-імпрэзы, Ганка адказвае: “Каб атрымаць ліцэнзію, не трэба нешта нерэальнае. Дастаткова ўважліва пачытаць правілы, вырашыцца са сваім фарматам і месцам і датай правядзення (прыблізнымі, потым іх можна змяніць) і запоўніць кароткую анлайн-заяўку. Потым на працягу трох тыдняў з вамі звязваюцца куратары глабальнага TEDx, высвятляюць дэталі, калі патрэбна, – і праз месяц маеце адказ. Ліцэнзія даецца на год, на працягу якога можна правесці сваю падзею”.
TEDx VS TEDxYouth
На канферэнцыях TEDx прынцыпова няма ніякіх асаблівых абмежаванняў для прамоўцаў, а вось фармат TEDxYouth, які чакае нас у Гародні, уводзіць некаторае з іх — сярод спікераў у Гародні вы убачыце толькі школьнікаў, студэнтаў, маладых спецыялістаў з самых розных сфер. Ні для каго не сакрэт, што менавіта моладзь — адукаваная, амбітная і смелая — сёння з’яўляецца асноўным рухавіком прагрэса — менавіта таму Ганка Барадзіна выбрала гэты фармат. Каб даць магчымасць моладзі данесці сваі ідэі да грамадства і прадэманстраваць асаблівую сілу пакалення як мага яскравей.
Аднадумцаў знайсці апынулася лёгка. Сёння TEDxYouth@Hrodna — гэта каманда валантэраў, якая складаецца з 8 чалавек і 5 спікераў, што, дарэчы, не мяжа! І калі вы ці нехта з вашых сяброў даўно чакалі магчымасці выступіць са сваёй прамовай, не губляйце магчымасці і пішыце арганізатарам. Пішыце! Мы ўсё яшчэ чакаем!
25 кастрычніка – новая старонка ў гісторыі беларускага TEDx.
У гэты дзень у Гародні свае ідэі паспрабуюць данесці да вас 5 маладых людзей з самымі рознымі тэмамі: пра невядомыя мясціны Гродна, пра тое, як не згубіць моладзевую мудрасць, пра сусветны пошук працы, пра эка-вела-грамадскі актывізм і пра нешта яшчэ – арганізатары раяць сачыць за падрабязнасцямі на старонках мерапрыемства у сацыяльных сетках у кантакце і фэйсбуку.
Падрыхтоўка да мерапрыемства ўжо ў самым разгары: спікеры адточваюць свае прамовы, а арганізатары робяць усё, каб ніякая дробязь не перашкаджала аўдыторыі атрымоўваць максімальную асалоду і ўсім абавязкова хацелася прыйсці яшчэ!