Праблемы “Нёмана”. Хто вінаваты?
У свой паўвекавы юбілей гарадзенцы абяцалі падняцца вышэй у турнірнай табліцы ў параўнанні з мінулымі гадамі, а таксама прывезці ў Гродна Лігу Еўропы.
Апошняе было выканана, а вось з месцам на п’едэстале не атрымалася…
Каманда нават не патрапіла ў першую шасцёрку.
Каго вінаваціць у правале сезону? Можа Дзмітраніцу, які пакінуў свой след у клубе? Ці ўсё ж Сахарэвiча, які так і не справіўся з фінансавым становішчам у камандзе? Ну а можа ўсё-такі трэба браць вышэй?
Так-так, вы маеце рацыю! Прычына няўдач связана з кіраўніцтвам вобласці.
У тры папярэднія гады каманда з кожным разам усё дадавала і дадавала. Менавіта тады “Нёманам” апекаваўся старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра. Але неўзабаве ён пайшоў на павышэнне ў Мінск, а на яго месца быў прызначаны Уладзімір Краўцоў.
Новы кіраўнік Гарадзеншчыны яшчэ не паспеў асвоіцца ў горадзе, як спартыўныя крытыкі сталі пагаворваць, што гарадзенскі спорт чакае заняпад. Так і адбылося.
Праблемы з’явіліся не толькі ў футбольнай камандзе горада, а і ў хакейнай. Усё гэта адбілася і на наведванні стадыёна. На апошні матч футбольнага «Нёмана» прыйшло толькі 300 чалавек … Якое можа быць развіццё ў такіх умовах?
Пры Шапіры такога б не было! Варта ўзгадаць леташнія гучныя разборкі старшыні аблвыканкаму ў “распраналцы” “Нёмана”. Сямён Барысавіч ведаў, як паўплываць на каманду і дзе знайсці грошы.
Цяпер “Нёман” гэта тая каманда, якая нікому не патрэбная, акрамя сваіх заўзятараў. Што будзе далей?
Кагосьці ўдала прададуць, як Садаўнічага, каб разлічыцца з пазыкамі, а кагосьці папросяць пакінуць клуб, як адбылося з Салаўём, Рэкішам, Рахманавым і Весялiнавым. Вітус паехаў на прагляд у Казахстан і наўрадці вернецца ў Гродна, бо каму хочацца сядзець без грошай, калі можна паехаць у чэмпіянат, дзе можна зарабляць куды больш.
На днях старшыня клуба – Сяргей Сахарэвiч заявіў: «З-за фінансавага недабрабыту змянілася стратэгія развіцця “Нёмана”. З гэтага часу будзем прыцягваць да трэніровак і матчаў больш маладых гульцоў. Уласна кажучы, рабіць гэта мы ўжо распачалі».
Зыходзячы з гэтага, варта чакаць чарговых страт. Кавалёнка, Раўнейку і Суліму могуць адправіць “на пенсію”. Некаторых – напрыклад, Савіцкага, прададуць (у інтэрнэце прайшла чутка, што Паўлам цікавіцца ангельскі «Саўтгэмптан», але сам гарадзенскі паўабаронца пра гэта нічога не ведае).
Час ідзе, пазыкі растуць. Падобна на тое, што пакуль у Гродне не з’явіцца новы “Шапіра”, спорт у нашым горадзе будзе і далей будзе пікіраваць уніз …
Фота з афіцыйнага сайта “Нёмана”