Гарадзенскі гурт “Раса мечтателей” выпусціў пазітыўны альбом імправізацыйнай музыкі “Прыгоды ў лялечным доміку”
Вось што пішуць пра “Прыгоды ў лялечным доміку” самі ўдзельнікі “Расы мечтателей”.
Афіцыйнай датай нараджэння альбома можна лічыць 24 чэрвеня, калі музыкі сабраліся на генеральную рэпетыцыю перад выступам на фэсце нямого кіно “КІНЕМО” ў Гародні (27-29.06.2014).
Гэтая творчая праца – яшчэ адзін яркі прыклад нашых эксперыментаў у жанры так званага “іранічнага джазу”. Галоўная “фішка” альбома ў тым, што ён з’яўляецца паслядоўнасцю калектыўных спантаных імправізацый, выкананых пад прагляд эксцэнтрычнай нямецкай камедыі “Лялька” (“Die Puppe”, 1919) у рэальным часе. Сюжэтныя павароты і музыка цалкам сінхранізаваныя, таму ўвесь альбом успрымаецца як адзіны вялікі саўндтрэк, які цікава слухаецца цалкам.
Для спрашчэння ўспрымання альбома мы ўмоўна падзялілі матэрыял на асобныя кампазіцыі і забяспечылі іх каларытнымі гумарыстычнымі назвамі. Ніводная нота з альбома прынцыпова не рэдагавалася, і таму ўсё, што гучыць на запісе, з’яўляецца вынікам нашага імправізыйнага мастацтва і чалавечага ўзаемаразумення. Альбом быў створаны на асабістай хатняй студыі “Race Of Dreamers Produktion”, уся праца па звядзенні і мастэрынгу зроблена самімі музыкамі.
Назва альбома звязана з першымі кадрамі фільма, дзе казачнік змяшчае будучых герояў у прыдуманы свет лялечнага доміка. Такім чынам свядомасць гледача наладжваецца на камедыйны лад, дзе магчымыя ўсякія неверагодныя здарэнні. Цудоўная непасрэдная гульня акцёраў, актуальная і праз сто год, дапамагла музыкам стварыць саўндтрэк, напоўнены авангарднымі знаходкамі.
У цэнтры вобразнасці альбома – узаемаадносіны двух галоўных персанажаў: багатага маладога чалавека з мноствам забабонаў адносна жанчын і абаяльнай дзяўчыны, якая прыкідваецца лялькай. Упартае нежаданне юнака верыць відавочным рэчам стварае вельмі смешныя сітуацыі, якія патрабуюць адпаведных музычных адлюстраванняў. Таму сярод трэкаў альбома сустракаюцца танцавальныя кампазіцыі, якія найлепшым чынам падкрэсліваюць камедыйнасць і іронію таго, што адбываецца.
Своеасаблівы персанаж знаходлівай дзяўчыны ў вобразе лялькі натхніў на музычныя эксперыменты жаночую частку “Расы Мечтателей”. Дзяўчаты не паскупіліся на вытанчаныя і аднасачова гарэзлівыя скрыпічныя і вакальныя free-джазавыя імправізацыі. Драматургія альбома атрымлівае цэласнасць дзякуючы “лейтматыву балагана”, які праходзіць праз большасць кампазіцый.
Абагульняючы ўсё сказанае вышэй, адзначым, што “Прыгоды ў лялечным доміку” – гэта музыка, выкананая з вялікім энтузіязмам, напоўненая святлом, любоўю і шчырым гумарам. Альбом можа гучаць у фонавым рэжыме, ствараючы выдатны настрой у слухача з добрым густам.
З папярэдняй праца гурта “Раса мечтателей” – міні-альбомам спантанных імправізацый “Сны контрабасистов” – можна пазнаёміцца тут. | ||