Дзе гуляюць і што ўзгадваюць пра “Нёман” былыя легіянеры клуба
Фактурны серб Мiльян Яблан яшчэ ў мінулым сезоне быў адным з асноўных гульцоў “Нёмана”, а зараз гуляе ў Казахстане за “Кайсар”:
– “У мяне скончыўся кантракт, а новае пагадненне клуб не прапанаваў. Заняўся пошукам новай каманды і выйшаў на казахскі “Кайсар”. Пасля паступіў званок з Гродна, але ўжо было позна.
Узровень футбола ў Казахстане не лепшы, чым у Беларусі, але паступова павышаецца. У гэтым годзе казахскім камандам ледзь – ледзь не хапіла, каб трапіць у Лігу Еўропу.
У будучыні казахскі футбол зойме своё месца ў еўрапейскім футболе, так як фінансавая сітуацыя тут стабільная, прыязджае шмат вопытных футбалістаў з розных краін свету.
У казахскай лізе за чэмпіёнства змагаюцца 4-5 добрых каманд, а ў Беларусі звычайна 2 (БАТЭ і Дынама), ды і то апошняя на фінішы чэмпіянату звячайна саступае.
Я сачу за беларускім футболам і вельмі рады, што нашы каманды патрапілі ў Еўропу.
Нядаўна чуў пра сітуацыю, якая адбываецца ў “Нёмане” і быў моцна расчараваны. Фінансавыя праблемы і раней былі, але мы гулялі.
Вельмі шкада, што ў такім горадзе адбываецца такая сітуацыя. “Нёман” з кожным годам усё дадаваў і дадаваў. А ў гэтым сезоне ўся праца пайшлі чорту пад хвост.
У Гродне вельмі добрыя фанаты, якія бадзёраць і гоняць футбалістаў на працягу ўсяго матчу, іх таксама вельмі шкада, асабліва ў гэты юбілей.
Адныя наробяць пазыкаў і ўцякаюць, а іншыя не паспяваюць расплаціцца і каманда церпіць крах.
Шчыра кажучы, заробленыя ў мінулым годзе ў Гродне грошы я яшчэ так і не атрымаў … А што далей гаварыць …
Вельмі і вельмі сумна ўсё гэта. Такому гораду патрэбна моцная футбольная каманда, а яна ўжо была …
Разам з тым, у Гродне ёсць група добрых футбалістаў, я б не хацеў сабе ў супернікі каго-небудзь з іх, у іх ёсць характар і сіла, а значыць ёсць і будучыня”.
Мілаш Лачны зарэкамендаваў сябе класным нападнікам, якога хутка пачалі баяцца абаронцы беларускіх клубаў.
У размове пра гарадзенскі перыяд сваёй кар’еры ён быў нешматслоўным:
– “Выбачайце, але я не ведаю нічога аб праблемах гарадзенскага клуба.
“Нёман” – гэта маленькі клуб, там ёсць свае Босы, якія ўсё вырашаюць.
Грошы заўсёды былі асноўнай праблемай гэтага клуба …”.
Пасля «Нёмана» Лачны вярнуўся на радзіму ў Славакію, у родны клуб – «Ружомберок», у складзе якога забіў 11 галоў у 16-ці гульнях.
Зараз славак гуляе ў Казахстане, у сталічным клубе «Кайрат».
Яшчэ адзін славак – Іван Пеха, у дадзены момант без клуба і знаходзіцца дома ў Браціславе.
Пасля “Нёмана” ён паспеў пагуляць у трох чэмпіянатах: Латвіі, Азербайджану і Румыніі.
Па словах Івана, ёсць прапановы ад азіяцкіх ліг, куды ён і мае намер адправіцца.
– “Пасля майго сыходу з “Нёмана ” я старанна сачу за выступленнем каманды. Гэты сезон атрымаўся вельмі правальным.
Каманда добра выступала на працягу апошніх гадоў, а ў гэтым юбілейным годзе правалілася. Хутчэй за ўсё, віной таму стала сітуацыя з фінансамі.
Вельмі шкада каманду і заўзятараў. Мне здаецца ў іх яшчэ ўсё наперадзе”.
Эссаме Гі Стэфан прыйшоў у Гродна мінулым летам і паспеў скарыць сэрцы заўзятараў сваёй бездакорнай гульнёй як пры абароне, так і ў атацы каманды.
Пасля “Нёмана” з’ехаў у Казахстан і ўжо змяніў там два клубы.
Спачатку камерунскі паўабаронца гуляў у «Атырау», а пасля перабраўся ў каманду «Астана», якая ў гэтым годзе гуляла ў еўракубках.
– “Перш за ўсё, я хацеў бы папрасіць прабачэння за тое, што адбывалася там.
Папрасіць прабачэння перад клубам, гульцамi і фанатамі, таму што я ведаю, як моцна яны любяць гэтую каманду.
Я не валодаю якой-небудзь інфармацыяй аб гэтай сітуацыі.
Я так і не атрымаў свае грошы за апошні гад. Але мне добра тут, дзе я цяпер.
І я вельмі спачуваю гульцам, таму што здагадваюся, што вакол іх склалася цяжкая сітуацыя … І я жадаю ім усяго найлепшага”.
Цімур Калiжанаў, які летась толькі пачаў выходзіць у аснове “Нёмана”, з’ехаў дадому ў Маскву, што б вучыцца.
Але і там Цімур працягвае гуляць, толькі ў аматарскай лізе.
– “Усё можа быць – гэта футбол. Можа проста не пайшла справа, перасталі забіваць, затое цяпер моладзь будуць мець больш шансаў, а моладзь у Гродне адна з найлепшых у Беларусі. Таму ў далейшым усё пойдзе лепш”.
Нікалас Сеалін пасля гучных выказванняў у свой бок з вуснаў тагачаснага старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры пакінуў шэрагі “Нёмана” і ад’ехаў гуляць у Італію.
– “У мяне былі важныя справы ў Італіі, якія трэба было вырашаць і заадно я хацеў паспрабаваць гуляць у Італіі. “Нёман” пайшоў мне на сустрач і адпусціў свабодна.
У мяне заўсёды былі і ёсць добрыя адносіны да гарадзенскай каманды. У Бразіліі мой любімы клуб – “Грэмiё”, у Беларусі – “Нёман”, а ў Італіі – “Мілан”.
Што тычыцца праблем у клубе, то я не ведаю пра гэта. Але як бы там не было, жадаю, што б усё хутчэй наладзілася і “Нёман” зноў вярнуў сабе статус моцнай каманды”.
Сербскі паўабаронца Уладзімір Весялінаў пакінуў клуб зусім нядаўна. Кіраўніцтва вырашыла не чакаць заканчэння сезона і адправіла легіянера дадому.
– “Да канца сезона буду дакладна дома, ёсць новыя варыянты, але толькі на наступны год. Вельмі сумна, што такая сітуацыя адбываецца ў “Нёмане”.
Што тычыцца кіраўніцтва клуба, то я не магу сказаць дрэнна пра іх. Усе стараюцца для клуба.
Вельмі шкада гульцоў, трэнераў і заўзятараў. Каманда да канца сезона хоча гуляць і найграваць малады склад.
Мне ж сказалі, што калі сітуацыя ў “Нёмане” зменіцца, то, магчыма, яны мяне зноў запросяць”.
Вось так склаліся лёсы нашых былых легіянераў. Большасць з іх для працягу кар’еры абрала Казахстан: там і ўмовы і фінансы лепшыя, адным словам – стабільнасць.
А што яшчэ трэба для цяперашніх футбалістаў? Правільна – стабільнасць.
Калі будзе ў Гродна стабільнасць, тады будзе і вынік і футбол.