Чырвоны квадрат на стракатым фоне
Калі ж прайсціся па горадзе, то ўбачым не квадрат, а цагляныя муры і вежы, што паўстаюць недзе сярод шматпавярховых гмахаў.
Гэта і ёсць славуты Лідскі замак.
Можам займець шчасце і ўпершыню ўбачыць замак з-за сажалкі, з другога берагу. Так ён будзе выглядаць нашмат прыгажэйшым.
Аднак і тут шчасце не будзе поўным: нават тут на фоне вырастае агромісты хмарачос.
Ліда вітае нас словамі: «Мой горад – гонар мой».
Гэта праўда, Ліда мае шмат прычынаў, каб ганарыцца сабой.
Гісторыя горада сягае аж у 1323 год, калі Вялікі Князь Літоўскі Гедымін пабудаваў у гэтым месцы, у сэрцы лідскага княства, замак.
Крэпасць з таўстымі мурамі выдатна выконвала сваю ахоўную функцыю – на працягу некалькіх стагоддзяў крыжацкіх наездаў ворагам удалася захапіць замак толькі аднойчы.
У 1655 крэпасць занялі казакі. У пачатку 18 стагоддзя замак быў спалены шведамі.
Крэпасць павольна прыходзіла у заняпад. Пасля 1791 г., калі пажар з’еў вялікую частку горада, замкавыя камяні служылі як будаўнічы матэрыял жыхарам ваколіцы.
З даўняй Ліды шмат чаго не засталося. Сёння можам паглядзець, памятаючы пра славутыя часы, кляштар і даўні касцёл (сёння царкву) піяраў ці прыгожы барочны Касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
Шмат месца ў горадзе займаюць жылыя драўляныя дамы – сувенір пачатку мінулага стагоддзя.
Усё гэта, аднак, губляецца дзесьці паміж сучаснымі шматпавярховікамі, пабудаванымі збольшага ў стылі савецкага мадэрнізму.
100 гадоў таму Казімір Малевіч намаляваў сваю спрэчную карціну «Чорны квадрат на белым фоне».
Уводзячы форму квадрату, ён хацеў, паміж іншым, паказаць перавагу чалавека над хаосам.
У Лідзе ж Чырвоны квадрат замку на стракатым фоне горада можа сімвалізаваць толькі перавагу хаоса над гісторыяй і традыцыяй.
У Ліды вялікая праблема. Праблема з замкам.
Якім спосабам пашыраць горад, калі ў ягоным цэнтры знаходзіцца будынак такога памеру, які не супадае з канцэпцыяй сучаснага горада?
Як можам убачыць на прыкладзе Ліды: папросту будаваць – так, як захочацца.
Гэта горад, у якім шэрыя блокі змешваюцца з дзівоснымі будынкамі, поўнымі жывых колераў і дэталяў, якія нагадваюць папярэднюю эпоху.
Рэканструкцыя Лідскай крэпасці пачалася яшчэ ў міжваенны перыяд польскімі уладамі.
Другая хваля – у 1982, і яна працягваецца да сённяшняга дня.
Замкавыя муры і вежы былі адбудаваныя па першапачатковым плане, аднак з іншых матэрыялаў.
У сярэдзіне быў створаны музей. На жаль, усё трохі ў кірмашовым стылі.
На стале, які прадстаўляе каралеўскі баль, пласмасавыя фрукты.
У зале побач – рыцары, апранутыя ў кальчугу і пухавікі.
Аднак школьнай моладзі, якая наведвае замак паралельна са мной, гэта не замінае.
Школьнікаў не засмучае адсутнасць аўтэнтычнасці.
Стадыённыя крэслы і рыцарскія аксэсуары, размешчаныя на замкавай плошчы, гавораць, што сёння тут праходзяць рыцарскія турніры.
Пра гісторыю Ліды цалкам не забыліся…
У Лідскага замку – праблема. Праблема ў гэтым, што архітэктары горада не падумалі пра тое, што Ліда – горад гістарычны.
Праблема таксама ў тым, што галоўнай мэтай рэстаўратараў было папросту адбудаваць.
Другой мэтай было прыцягнуць як мага больш турыстаў.
Паказаць сапраўднасць – толькі трэцяй.
Сёння тое, што найбольш кранае сэрца – выстава фатаздымкаў і карцін, якія паказваюць замак праз стагоддзі.
Добра, што хаця б яны захаваліся.
Даведка ТС:
Артыкул Ольгі Гаецкай працягвае цыкл публікацый, падрыхтаваных польскімі валанцёркамі, якія працуюць зараз у Гродне.
У вольны ад сваёй валанцёрскай працы час яны актыўна падарожнічаюць па ваколіцах Гродна ды фіксуюць свае ўражанні.
Чытайце таксама матэрыял Ксеніі Паляньскай “Беларускія прыгоды і падарожжы польскіх валанцёрак”
Фота аўтара