Міліцыя затрымала ў Заслаўі гарадзенскі гурт “Dzieciuki” (абноўлена)
Вось што паведамляе пра інцыдэнт сайт tuzin.fm:
“Усяго затрымана 15 удзельнікаў здымак. Міліцыянты палічылі здымкі кліпа за несанкцыянаванае шэсьце.
Затрымалі на той падставе, што аніякіх дазваляльных папераў музыкі ня мелі.
Музыкі здымалі кліп на песьню «Хлопцы-балахоўцы» з свайго альбому «Гарадзенскі гармідар».
Яны здымалі кліп недзе з абеда, на ўскрайку Заслаўя.
Песьня вымагала адпаведнага антуража, таму музыкі былі апранутыя ў строі часоў грамадзянскай вайны, у камуністаў, белагвардзейцаў…Некаторыя на конях.
Так што акром музыкаў там былі гаспадары гэтых коней, а таксама рэканструктуры, гісторыкі, аўтар песень каманды Дзяніс Жыгавец….
Фота, зробленае падчас здымак кліпа. Аўтар Наста Рубанава, tuzin.fm
…Алесь Дзянісаў патэліў, сказаў, што іх затрымліваюць. Пакаваць сталі найперш тых, у каго не было пры сабе дакумэнтаў. А хлопцы іх пакінулі ў сваім бусіку, што стаяў у цэнтры Заслаўя…».
Музыкаў адпусцілі толькі ў 21.05, больш як праз тры гадзіны пасля затрымання.
Піша tuzin.fm:
– Алесь Дзянісаў:
– “Нам не далі аніякіх афіцыйных тлумачэньняў адносна затрыманьня. Адзінае, што сказалі неафіцыйна, што мы здымалі відэа без дазволу”.
Алесь таксама распавёў акалічнасьці затрыманьня. У 17.30 музыкі і здымачная група ўжо скончылі працу. Увесь матэрыял быў адзьняты. Некаторыя пераапраналіся, мусіла быць вячэра. Але лыжкі і відэльцы ўзяць не пасьпелі.
Спачатку да іх падыйшлі два амапаўцы, пасьля пад’ехала яшчэ некалькі аўто, у тым ліку аўтазак.
Усіх 18 чалавек, якія мелі дачыненьня да здымак, забралі ў мясцовае адзьдзяленьне міліцыі для высьветленьня абставінаў.
21.35 Адпусьцілі рэжысэра роліка Антона Цялежнікава. Увесь адзьняты матэрыял для кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён – “для высьвятленьня зьместу”.
Антон Цялежнікаў адразу пасьля выхаду з адзьдзяленьня міліцыі распавёў Tuzin.fm:
– “Мяне адразу вылучылі як адказную асобу, бо я адразу сказаў, што зьяўляюся ініцыятарам і арганізатарам здымак.
Таму на мяне зьвярнулі асобную ўвагу. Я сядзеў асобна ад астатніх, фактычна ў калідоры. Пільнавалі мяне, каб не ўцёк, заўжды побач знаходзіўся міліцыянт ці амапавец.
Мне сказалі, што асноўная прэтэнзія да нас – адсутнасьць дазволу на здымкі. Шчыра скажу, я не ўяўляў, што такі дазвол патрэбны, бо здымкі ладзіліся прыватным чынам і мы нікому не перашкаджалі.
Вельмі спадзяюся, што матэрыял нам вернуць, бо нічога супрацьзаконнага мы не здымалі. Быў зроблены вялікі кавалак працы, шкада будзе яго страціць”.
Гурт Dzieciuki (Дзецюкі) быў заснаваны ў Гродне ў красавіку 2012 году. Лідэрам гурта з’яўляецца вядомы гарадзенскі музыка і журналіст Алесь Дзянісаў.
Летам гурт зняў кліп пра антысавецкі супраціў у лясах Гарадзеншчыны.