Літыя балконы старога Гродна можна знайсці ў катэджных пасёлках

Больш як год таму гучная справа з выкрадзеным сярод белага дня старога балкону ў цэнтры Гродна абляцела ўсе СМІ. Паводле сведкаў, да будынку на вуліцы Кірава, 3 пад’ехаў джып, з якога выйшла жанчына, а з ёй — два мужчыны, якія адпілавалі гаўбец, пагрузілі яго ды ад’ехалі. Гэта прытым, што і вонкавая частка турмы насупраць, і сам дом знаходзяцца пад відэаназіраннем (прынамсі, згодна з шыльдамі на сценах). На дадзены момант справа прыпыненая, нікога не знайшлі.

 

БАЛКОНЫ ЗДЫМАЮЦЬ БЕЗ ШУМУ ПАДЧАС РАМОНТАЎ ЖЭСЫ

 

“Калі дзёрзка скралі гаўбец каля турмы, падняўся вэрхал, — кажа мастацтвазнавец і спецыяліст па коўцы і ліццю Любоў Зорына, — але калі тое самае адбываецца ў выніку планавых рамонтаў — на гэта не звяртаюць увагу. Усё ціха і спакойна — бо гэта робяць дзяржаўныя органы”.

 

Паводле Зорынай, на вул. Будзёнага, 36, на вул. 1 Мая, 24, вул. Паўлоўскага, 21 апошнім часам зніклі старыя гаўбцы. На Паўлоўскага, напрыклад, у доме 1910 года пабудовы два балконы засталіся аўтэнтычныя, а два — замененыя на новыя. Старое ліццё замененае на так званую коўку, зробленую па сучасных тэхналогіях.

 

“Замоўнікамі рамонтаў будынкаў выступаюць ЖЭСы, — працягвае Зорына, — закон, безумоўна, парушаецца, бо на ўсіх гэтых будынках вісяць шыльды “Помнік архітэктуры”. Але, думаю, гэтыя людзі і паняцця не маюць, што трэба захоўваць нейкія старыя элементы — робяць, як прасцей”.

 

 

Зразумела, можа мець месца і неадукаванасць, але цалкам мажліва і свядомая зацікаўленасць у павелічэнні кошту працаў: адна справа — пачысціць стары гаўбец, іншая — усталяваць новы.

 

“На старых могілках адбывалася нешта неверагоднае…”

 

А ці былі нейкія спробы каталагізаваць усе малыя архітэктурныя формы з мэтай рэстаўрацыі і аховы? Выявілася, што былі. Напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў гэтым займалася праектная арганізацыя Спецрэстаўрацыя. З бюджэту былі вылучаныя грошы, і па ўсім горадзе была праведзеная фотафіксацыя балконаў, каваных поручняў, крыжоў, розных дзвярэй ды печаў. Культурай у гарвыканкаме акурат займаўся Аляксандр Мілінкевіч. Аднак прайшоў час, на рашэнні гарвыканкама забыліся…

 

“Першымі ў мяне на вачах пачалі зыходзіць разныя дзверы, — узгадвае гісторык Ігар Трусаў, — на старых могілках адбывалася нешта неверагоднае: калі параўноўваць вынікі той фотафіксацыі і сучасны стан, выявіцца, што дзе-нідзе не хапае 20 працэнтаў цікавых металічных агароджаў! Чаму могілкі? Бо лёгка! Гідраўлічнымі нажніцамі зразалася агароджа, вывозілася, чысцілася пескаструем і прадавалася ў Польшчу альбо ў Расію ў якасці камінных кратак”.

 

Аб тым, што старадаўні мастацкі метал знікае менавіта з могілак, распавяла і Любоў Зорына. Паводле яе, агароджы і крыжы (!) наўпрост здаюць на металалом. Такі лёс, у прыватнасці, напаткаў крыж з надмагілля Барычэўскага са старых гродзенскіх праваслаўных могілак па вул. Антонава гады тры таму.

 

ШУКАЙЦЕ КАНЦЫ Ў КАТЭДЖНЫХ ПАСЁЛКАХ АЛЬБО НА МЕТАЛАЛОМЕ

 

Ці з’яўляюцца падобныя прадметы ў калекцыянерскіх колах? Старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства, калекцыянер Віктар Какарэка ўпэўнены, што не: “Калі на іх нават і ёсць рынак, то яны неяк праходзяць міма калекцыянераў. У 1990-х гадах траплялася, што прадавалі, напрыклад, старыя кафляныя печы ў горадзе. Падобных выпадкаў стасоўна мастацкага металу мне не траплялася”.

 

Разам з тым, можна наўпрост прайсціся па катэджным пасёлку Паўднёвы (зараз у межах Гродна), каб выявіць некалькі літых балконаў дарэвалюцыйнай вытворчасці. Адзін з іх, паводле класіфікацыі Зорынай, зроблены ў фірме Вячоркі ў Беластоку ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Іншы, неабарочны — дакладная копія балкона, зніклага з вуліцы Кірава, 3…

Варта адзначыць, што ў “зоне рызыкі” найперш знаходзяцца нежылыя старыя будынкі, за якімі няма сталага нагляду. У вялікім драўляным даваенным будынку на 17 верасня, 53 пасля адсялення невядомыя павыломвалі літыя фігурныя поручні, якія вялі на другі паверх. Засталіся па іх толькі аскепкі.

Зусім недалёка ад яго, ва ўжо знесеным асабняку на 1 Мая, 17, даваенныя поручні на ўваходзе таямнічым чынам зніклі яшчэ напярэдадні зносу. Цікава, трапілі яны на склад нарыхтоўкі другаснай сыравіны альбо будуць упрыгожваць ужо сучасны, збудаваны з сілікатнай цэглы, катэдж?..

 

ПАДЛІЧЫЦЬ СТРАТЫ ЗА 20 ГАДОЎ…

 

“У такіх выпадках можна ўзбуджаць і крымінальныя справы, — мяркуе Ігар Трусаў, — напісаць у пракуратуру можа кожны, але наогул ініцыятарам меў бы быць інспектар па ахове культурнай спадчыны. Патрэбна група людзей, якая б параўнала стан 20-гадовай даўніны з сучасным і на фактах распавяла пра страты”.

 

Мажліва, акурат такая параўнаўчая справаздача дапамагла б чыноўнікам больш цвяроза паглядзець на страты горада ў сферы малых архітэктурных формаў за апошнія 20 год. А мажлівы — чарговы скрадзены сярод белага дня ў самым цэнтры літы антыкварны балкон.