Гісторыі гарадзенскіх заўзятараў: Валерый і падарунак ад Рэкіша
Вось што распавядае Валерый:
– “Як адданы заўзятар, я заўсёды марыў злавіць майку кагосці з футбалістаў, але ўсё ніяк не атрымлівалася, хоць стаж наведвання матчаў у мяне не маленькі.
Але пра ўсё па парадку.
Гэта была не звычайная гульня. 4 кастрычнiка 2014 года «Нёман» адзначаў пяцідзесяцігоддзе з моманту стварэння клуба. І так супала, што ў гэты дзень гарадзенцы гулялі з брэсцкім «Дынама».
Я як звычайна пайшоў на гульню, спадзеючыся, што клуб зробіць падарунак да юбілею і пераможа «Дынама», але не здагадваўся, што атрымаю персанальны падарунак.
На жаль, гульню каманда прайграла з-за невідавочнага пенальці.
Пасля фінальнага свістка гульцы падышлі нас падзякаваць і я, як і ўсе, спусціўся на першы шэраг.
Падзякаваўшы і павіншаваўшы каманду з юбілеем, вырашыў падняцца на пару шэрагаў ўверх.
Падняўшыся, стаў апладзіраваць гульцам і раптам адзін з іх зняў майку і запусціў яе ў сектар. Майка паляцела менавіта туды, дзе стаяў я і мне засталося выцягнуць рукі і злавіць яе.
Злавіўшы майку, перш за ўсё вырашыў даведацца чыя яна, бо не ўбачыў, хто яе кінуў.
Аказалася, што гэта майка з №10 Дзмітрыя Рэкіша.
У гэты момант я стаў скакаць ад радасці, бо атрымаў нечаканы падарунак ад гульца да юбілею клуба.
Дзеля такіх момантаў варта хадзіць на футбол. Спадзяюся будзе працяг, а пакуль, у майцы Рэкіша збіраюся ісці на апошні хатні матч сезона (29 лістапада супраць “Белшыны”).
Даведка «Твайго Стылю»
Ужо перад матчам з брэсцкім Дзмітрый Рэкіш, мабыць, ведаў, што пакіне каманду. Каб хоць неяк пакінуць свой след ў памяці гарадзенскіх заўзятараў, паўабаронца вырашыў зрабіць вось такі падарунак.
І ўжо ў кастрычніку стала вядома, што «Нёман» развітаўся з Дзмітрыем па ўзаемнай згодзе абодвух бакоў.
Акрамя Рэкіша, каманду пакінулі і іншыя футбалісты. Прычынай гэтаму стала новая палітыка клуба.
Чытайце ў нашым праекце таксама:
ТэлеВіталь: Тады нам было 15, а зараз 44