Старт не атрымаўся. “Нёман” прайграў брытанцам
У французкім Анже гарадзенцы ў першай сустрэчы турніра мінімальна прайгралі брытанскай камандзе «Belfast Giants».
Адзіную шайбу нашыя супернікі закінулі на 39-й хв.
Не сказаць, што паўночыя ірландцы былі мацней нашых хакеістаў. Вастрыні хапала як з аднаго боку, так і з другога (гарадзенцы па колькасці кідкоў істотна пераўзыйшлі супернікаў).
Але брытанскі “кіпер” Чубак прынёс перамогу сваёй камандзе. Менавіта ён стаў героем сустрэчы, адбіўшы ўсе кідкі гарадзенцаў.
Заўзятары «Нёмана» параўналі яго з вядомым беларускім брамнікам Ковалем.
Адзначым таксама, што «Нёману» не залічылі 2 шайбы, закінутыя ў браму суперніка. На жаль, не абышлося без страт.
У другім перыядзе , «Нёман» згубіў аднаго са сваіх лідэраў – Вячаслава Лісічкіна, што, мабыць, і паўплывала на вынік.
Відэаагляд гульні можна паглядзець на канале ВВС.
Першы блін сабаку, але вешаць нос пакуль рана. У гарадзенцаў яшчэ ёсць шанцы на выхад з групы.
Наступная гульня адбудзецца 22 лістапада а 18-й гадзне з польскім хакейным клубам «Санок».
У стартавай гульні палякі прайгралі гаспадарам турніру з лікам 0-4.
На здымку: падтрымаць сваю каманду ў Францыі прыехала невялікая група гарадзенскіх заўзятараў.
Фота Сяргея Селівона