Гарадзенскія футбалісты разагналіся пад канец сезона
Гульні супраць “Дынама” з Брэста даўно ўжо называюць “заходнім дэрбі”.
Месяц таму перамогу з Гродна павезлі берасцейцы. Цяпер гарадзенцы ўзялі рэванш.
Адзіны гол у сустрэчы забіў Ягор Зубовіч. Гэта яго 10-ты гол у чэмпіянаце і пяты пасля падзелу каманд на шасцёркі.
Пасля матчу ў добрым настроi быў галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў. Ён адзначыў:
– «Улічваючы становішча ў турнірнай табліцы, мне матч спадабаўся, вельмі спадабаўся. Я ўжо неаднаразова адзначаў, што мне прыемна гуляць супраць “Дынама”, таму што гэтая каманда гуляе ў футбол.
Дзве каманды спрабавалі не дасягнуць імгненнага выніку, а стараліся гуляць у футбол. Не заўсёды атрымлівалася, але ў цэлым гульня мне вельмі спадабалася.
У другім тайме было больш момантаў галявых. Не дзеля выніку, а дзеля таго, каб футбалісты адчувалі сябе ўпэўнена, яны павінны забіваць. Але гэта ўжо справа наступнага сезона.
Самае галоўнае, што мы паступова рухаемся да тых мэтаў, якія ставім перад сабой. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая каманда, у якой з 18 гульцоў, 15 – выхаванцы мясцовага футбола. У нас сёння была такая каманда.
І брэсцкае “Дынама” таксама гэтым адрозніваецца. Матч добры. Можа быць, нічыйны вынік быў бы больш справядлівы.
Хацеў бы ад свайго трэнерскага штаба павіншаваць Васілюка з днём нараджэння. Жадаю яму даўгалецця футбольнага, таму што такія футбалісты павінны быць у нашым футболе. Яны ўпрыгожваюць футбол. І ў мяне такое адчуванне, што ўзрост над ім наогул не валадарыць».
Зараз “Нёман” дзеліць 8 і 9 радок разам з футбольным клубам «Слуцк». У абедзьвух дружын па 39 ачкоў у актыве.
Пакуль што гарадзенцы па суме забітых галоў апярэджваюць слутчан. Якая каманда ў выніку апынецца вышэй – вырашыцца 29 лістапада ў апошнім туры.
“Нёман” у гэты дзень будзе прымаць бабруйскую “Белшыну”, якая ўжо 15 гадоў не могуць абыграць гарадзенскіх футбалістаў.
А “Слуцк” тым часам будзе гасцяваць ў Магілёве ў мясцовага “Дняпра”, які ідзе ў чэмпіянаце апошнім.
Ну а мы запрашаем вас, паважаныя чытачы, наведаць апошнюю гульню “Нёмана”. Пасля яе вялікі футбол вернецца ў горад толькі вясной.
23 лістапада. “Дынама-Брэст” – “Нёман” 0-1 (Ягор Зубовіч)
На здымку: падтрымаць сваю каманду ў Брэст прыехала 46 заўзятараў з Гродна
Фота fcneman.by