Падтрымайце гарадзенцаў!
Пераможцаў будзе вызначаць як экспертнае журы, так і народнае галасаванне, узяць удзел у якім могуць і чытачы “Твайго стылю”.
Галасаванне за лепшыя адукацыйныя праекты адбываецца на сайце “Асацыяцыяі дадатковай адукацыі і асветы“, якая ладзіць 5-6 снежня разам з партнёрамі чарговы Фестываль нефармальнай адукацыі.
Менавіта на ім і будуць узнагароджаныя пераможцы конкурса.
Сярод 47 прэтэндэнтаў на перамогу – гарадзенскія “Універсітэт Залатога Веку” для сталых людзей і Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой стыль”.
“Універсітэт Залатога Веку” (УЗВ) быў заснаваны ў Гродне ў красавіку 2010 г.
Гэта першая беларуская пляцоўка, накіраваная на паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.
Сёлета студэнтамі УЗВ з’яўляюцца каля 200 гарадзенцаў ва ўзросце ад 55 год і вышэй.
Тут яны не толькі вывучаюць замежныя мовы, гісторыю, псіхалогію, асновы тэатральнага майстэрства, права, кампутарную граматнасць, але і штогод рэалізуюць каля дзесятка розных дабрачынных акцый.
Дзейнасць гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” згадваецца ў Нацыянальнай справаздачы пра выкананне нашай краінай Мадрыдскага міжнароднага плана па старэнні насельніцтва.
Фестывалі моладзевай журналістыкі “Твой стыль” ладзяцца ў Гродне з 2007 г.
Удзел у заяўленым на конкурс Фестывалі, які адбыўся ў траўні 2014 г., брала звыш 100 пачынаючых журналістаў, а таксама медыяэкспертаў з Беларусі і Расіі.
У межах Фестывалю адбываюцца майстар-класы, прэзентацыі, кінапаказы, узнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурса для пачынаючых журналістаў, а таксама ФотаБатла – агульнабеларускага спаборніцтва для фотарэпарцёраў.
“Універсітэт Залатога Веку” у спісе намінантаў пазначаны пад нумарам 42, а Фестываль журналістыкі пад нумарам 44.
Галасаванне будзе доўжыцца да 5 снежня на старонцы http://adukatar.net/v-padzeya-goda/
У конкурсе таксама ўдзельнічае “Праграма нефармальнай адукацыі “Моладзь на карысць грамадству”, удзел у рэалізацыі якой брала Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ”.
У межах праграмы быў падрыхтаваны і апрабаваны метадычны дапаможнік па інавацыйнай тэхналогіі падрыхтоўкі маладзёжных сацыяльных праектаў (МСП), у якім разглядаюцца крокі МСП і даюцца практычныя парады па іх рэалізацыі з улікам спецыфікі беларускага заканадаўства; праведзены чатыры трэнінгі для спецыялістаў па працы з моладзю; а таксама праведзены пяць цыклаў заняткаў для моладзі па падрыхтоўцы, рэалізацыі і падсумаванні вынікаў маладзёжных сацыяльных праектаў.
У спісе намінантаў праграма пад нумарам 46.
Звярніце ўвагу, што для ўдзелу ў галасаванні за лепшую падзею года вам спатрэбіцца на старонцы галасавання зайсці праз свой акаўнт у адным з прапанаваных ніжэй інтэрнэт-сэрвісаў (ВКонтакте, Фэйсбуку, Гугл і інш.).
Затым трэба выбраць падзею, за якую вы хочаце прагаласаваць, паставіўшы “птушкачку” перад нумарам падзеі, а затым націснуць “Галасаваць” у канцы спіса.