Яраслаў Крыстэк вяртаецца?

|

Нагадаем, былы гулец «Нёмана» пасля чэмпіёнства адправіўся ў Славакію і падпісаў кантракт з ХК «Жыліна». Не даўшы адыграць Крыстэку сезон у славацкім клубе, кіраўніцтва вырашыла скасаваць кантракт з чэхам. Па чутках, гулец за такую цану павінен быў гуляць лепш.

 

Не прайшло шмат часу, як Яраслаў назад вяртаецца ў Гродна і тут жа пачынае трэніравацца з гарадзенскай камандай. Вось толькі кіраўніцтва чырвона-чорных не спяшаецца падпісваць Крыстэка. Па чутках, у чэха дрэнная фізічная форма, так што кіраўніцтва пакуль будзе прыглядацца.

 

Першапачаткова афіцыйны сайт гарадзенскай каманды апублікаваў інфармацыю, што ХК «Нёман» падпісаў нападаючага, і было сказана, што ў бліжэйшы час чакаецца заяўка гульца ў шэрагі каманды пад нумарам 62. Але пасля інфармацыя знікла, і было напісана, што чэх проста трэніруецца з камандай.

У гэтым сезоне ў складзе славацкага клуба Яраслаў правёў 27 гульняў, у якіх адзначыўся 23 (8 + 15) выніковымі баламі, 16 хвілінамі штрафу, а каэфіцыент карыснасці склаў «-1».

Варта адзначыць, што «Нёману» перад суперфіналам Кантынентальнага Кубка варта было б падпісаць добрага нападаючага і ўзмацніць свае шэрагі. Вось толькі ці зможа гэтым нападаючым стаць Крыстэк?