“Нёман”, што чуваць?

|

Каманда

 

Зусім нядаўна гарадзенская каманда выйшла з адпачынку, не далічыўшыся шмат каго з тых, хто гуляў у мінулым сезоне.

 

Большая частка мінулагодняй дружыны развіталася з клубам і цяпер шукае новае працаўладкаванне.

 

З так званых “старых” засталіся Аляксандр Анюкевiч, Сяргей Лявіцкі, Аляксей Лягчылiн, Ігар Лісіца, Артур Бомбель ды два заслужаныя ветэраны гарадзенскага футбола, два Дзмітрыя – Раўнейка і Кавалёнак.

 

Асноўную групу гульцоў зараз складаюць тыя, хто яшчэ ў мінулым сезоне гуляў у чэмпіянаце дублёра ў: брамнік Дзмітрый Сай, Аляксей Наско, Павал Цэслюкевiч, Павал Забелін, Кірыл Ганчарук, Антон Лукашын, Ян Сянкевіч, Васіль Журневiч, Юрый Гольцаў, Яўген Ляшко і Антон Сарокін.

 

На прагляд у клуб прыехалі і гульцы, якія не так даўно абаранялі колеры гарадзенскага клуба. Гэта Сяргей Курганскі (“Ліда”, Д2, 4 гульні за “Нёман” у Вышэйшай Лізе, 12 прапушчаных мячоў), паўабаронца Міхаіл Коцiн (“Хімік” Светлагорск, Д2, 47 гульняў за “Нёман” у Вышэйшай Лізе), цэнтральны абаронца Сяргей Халецкі (“Смаргонь”, Д2, 34 гульні за “Нёман” у Вышэйшай Лізе) і нападаючы Сяргей Iрха (“Віцебск”, Д2, за “Нёман” раней не выступаў).

 

З арэнды вярнуліся паўабаронца Аляксандр Едешка (“Гарадзея”, Д2, 11 гульняў за “Нёман” у Вышэйшай Лізе) і абаронца Ягор Мацвееў (“Граніт-Мікашэвічы”, Д2, за “Нёман” раней не выступаў).

 

У хуткім часе да каманды далучацца яшчэ два гульцы маладзёжнай зборнай краіны, выкліканыя на Кубак Садружнасці ў Маскве – брамнік Васiлючэк і абаронца Пазняк.

 

Кіраўніцтва

 

Шквал крытыкі з боку журналістаў і заўзятараў спазнала ў апошнія месяцы кіраўніцтва каманды.

 

Слабая гульня, вялізныя запазыкі па заробках. Што тут казаць, калі клуб нават не здолеў знайсці грошы, каб разлічыцца з такімі гульцамі, як Яблан і Эссаме, якія гулялі яшчэ ў 2013 годзе?

 

Старшыня Гарадзенскай абласной федэрацыі футбола, пракурор Гродзенскай вобласці – Віктар Марозаў (на здымку ніжэй) прапануе кіраўніцтва “Нёмана” адправіць у адстаўку.

 

Па завяршэнні чэмпіянату гульцы як адзін паўтаралі, што пры Шапіры было лепш, былі грошы, быў і вынік. Тады, магчыма, у першую чаргу трэба пытаць не кіраўніцтва клуба, а менавіта з людзей, якія адказваюць за фінансаванне “Нёмана”.

 

У футбаліста ёсць кантракт і ён ацэньваецца ў пэўную суму. Бо на заводах не будуць працаваць людзі, калі па тры месяцы не плацяць зарплату.

 

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама – Алег Андрэйчык (на здымку) пракаментаваў сітуацыю вакол гарадзенскага “Нёмана”:

 

– Мы захаваем клуб – ні аб якім банкруцтве і выбыванні “Нёмана” у другую лігу не можа быць і гаворкі. Трэба разабрацца з пазыкамі. Думаю, сітуацыя не такая крытычная.

 

Горад

У бліжэйшы час, горад і вобласць дапаможа “Нёману” пагасіць запазычанасці клуба.

 

Калі гэта не здарыцца – каманда не будзе дапушчаная да чэмпіянату.

 

Пагаворваюць, што ў гэтым годзе, клуб можа перайсцi з абласной уласнасці ва ўласнасць горада.

 

Цяпер, па ўсёй верагоднасці, за клуб будзе адказваць цяперашні старшыня гарвыканкаму – Мечыслаў Гой (на здымку ніжэй).

 

Ходзяць чуткі, што цяперашні кіраўнік горада любіць футбол. Варта таксама чакаць пераменаў і ў кіраўніцтве клуба.

 

Заўзятары

 

Заўзятары чакаюць новы сезон, вось толькі, дзе і калі ён пачнецца пакуль не вядома.

 

У кожнага гарадзенца сваё меркаванне на сітуацыю, якая склалася з клубам.

 

Многія крытыкуюць гульцоў, за нібыта дрэнную гульню і за адсутнасць выніку.

 

А нехта разумее праблемы і імкнецца дапамагчы камандзе усялякімі спосабамі. А ўжо ёсць і тыя, якія хочуць забыць “Нёман” і ў цэлым увесь беларускі футбол.