Малыя гарадзенскія калядоўшчыкі: гісторыя новых беларускіх калядаў у Гародні
Пра стварэнне групы распавядае Ігар Кузьмініч, які ў свой час сам вельмі шмат зрабіў для таго, каб ідэя беларускага каледавання захавалася і пашыралася.
Ён жа сабраў уражанні малых калядоўшчыкаў.
– “Ідэя стварэння дзіцячай групы калядоўшчыкаў прыйшла неяк сама. Ужо тры апошнія гады два мае сыны Мікіта і Даніла ўдзельнічалі ў калядаваннях разам з дарослымі. Дык чаму ж немагчыма зрабіць групу калядоўшчыкаў толькі з малых, падумаў я? Тым больш, што ў горадзе зараз дастаткова беларускамоўных дзетак.
І вось 25 снежня 2014 года ўпершыню ў Гродне акрамя “дарослых” групаў беларускіх калядоўшчыкаў калядавала дзіцячая група.
Вось імёны сёлетніх калядоўшчыкаў:
Каза – Лера Хільмановіч (на здымку ніжэй),
Механоша – Мікіта Кузьмініч,
Мядзьведзь – Даніла Кузьмініч,
Цыган – Антон Соркін (на здымку ніжэй),
Баранчык – Раман Хільмановіч (на здымку ніжэй, самы маленькі ўдзельнік),
Буслік, а пазней Конік – Аляксандар Кудловіч.
На мой погляд, калядаванне малых калядоўшчыкаў прайшло вельмі файна!
У дзяцей Калядаванне атрымліваецца неяк больш шчыра. Магчыма, таму адорваюць калядоўшчыкаў-дзетак нашмат лепш, чым дарослых.
А як малыя ставяцца да самога дзейства! Яны як быццам адчуваюць свята, часам імправізуюць, але прытрымліваюцца сваіх роляў, што не заўсёды ўбачыш у дарослай групе.
Вось што кажуць людзі, якія ведаюць, што такое Калядаванне, самі неаднаразова Калядавалі, а сёлета назіралі калядаванне малых беларускіх калядоўшчыкаў.
Інга Сакута – гаспадыня, што прымала малых калядоўшчыкаў у сваёй хаце:
– “Я сама калядавала на працягу сямі гадоў і мне заўсёды было цікава пабываць на месцы гаспадароў.
У гэтым годзе маё жаданне задаволілася. Паколькі ў нас малыя дзеці, то мы запрасілі дзетак-калядоўшчыкаў.
Іх выступ нашай сям’і вельмі спадабаўся, магчыма таму, што дзеці шчырыя і непасрэдныя, яны кажуць усё як ёсць і нават не ўмеюць хітрыць, калі нешта пайшло не па сцэнары. І гэта прываблівае.
Думаю, што маленькіх калядоўшчыкаў добра запрашаць акурат да тых сямей, у якіх ёсць малыя дзеці: не напалохаюць і паразумеюцца.”
Вольга Корсун, журналістка якая рабіла здымкі падчас калядаванняў у гэтым годдзе:
– “Маленькія калядоўшчыкі кранулі сваёй непасрэднасцю і шчырасцю, з якой выступалі.
Яны вельмі сур’ёзна паставіліся да сваіх роляў, гучна спявалі, весела танцавалі і шлі на кантакт з гаспадарамі хат.
Цешыць, што шматгадовая гарадзенская традыцыя калядавання працягваецца, ды так паспяхова!
А маленькія гарадзенцы напоўніцу адчулі, што такое беларуская культура, ды сталі яе часткай.
У такой вясёлай кампаніі з мішкам, козачкай ды іншымі ўсмешка не сходзіла з твару ўвесь вечар, а зарад энэргіі і пазітыву застаўся на ўсе выходныя.
Гэта было далёка не першае маё калядаванне, але ў гэтым годзе яно падаравала новыя эмоцыі і ўражанні. Калядаванне з дарослымі не горшае, але яно – іншае.
Думаю, гэты вечар запомніцца надоўга – як самім маленькім калядоўшчыкам, так і тым, каму яны спявалі свае калядкі ды жадалі шчасця і радасці ў новым годзе.”
А вось што думаюць самі малыя калядоўшчыкі пра калядаванне і пра тое, ці хочуць яны калядаваць яшчэ.
Што такое Каляды? Пра што гэтае свята?
Саша Кудловіч:
Я думаю, што Каляды – гэта такая традыцыя, якая збірае людзей разам і яе… святкуюць. Людзі збіраюцца і ходзяць па кватэрах. Спяваюць песні і выступаюць, каб ім далі ўсялякія салодкія прысмакі. Гэтае свята… пра Бога, напэўна… Што ён нарадзіўся…
Даніла Кузьмініч:
Каляды – гэта свята. Вялікае свята, калі прыходзяць калядоўшчыкі, пяюць песні… і калядоўшчыкам даюць цукеркі. Гэта свята пра нараджэнне Ісуса Хрыста.
Мікіта Кузьмініч:
Гэта свята, якое ўтварылася некалькі стагоддзяў таму назад. Гэта свята пра нараджэнне новага жыцця.
Каза – гэта сімвал жыцця. Калі калядоўшчыкі прыходзяць і Каза памірае – гэта сведчыць пра тое, што жыццё памірае і потым адраджаецца.
Каляды святкаваліся ў самую даўжэйшую ноч года. Тады калядоўшчыкі хадзілі па хатах і святкавалі. Былі героі: Механош, Каза, Баранчык і іншыя… Спачатку гэтае свята было паганскім, а пазней стала хрысціянскім.
Хто такія калядоўшчыкі?
Саша Кудловіч: Калядоўшчыкі – гэта тыя людзі, якія збіраюцца разам і святкуюць Раство.
Даніла Кузьмініч:
Калядоўшчыкі – гэта людзі, якія дораць свята людзям. Яны для іх спяваюць песні… жартуюць, гуляюць, танцуюць.
Мікіта Кузьмініч:
Гэта людзі, пераапранутыя ў розных… Ну, напрыклад, у Цыганёнка, ці ў Баранчыка, у розных жывёл ці герояў.
Гэта людзі, якія ходзяць па хатах і збіраюць каляду – гэта ежу, розныя прысмакі…
Гэта людзі, якія дораць свята іншым і нагадваюць людзям, што такое Каляды.
Напрыклад, вось я быў Механошам у гэтым годзе і мы ездзілі ў шпіталь. Там былі дзеці-інваліды і мы для іх рабілі свята. Хоць яны не ведалі ніколі што такое Каляды, а мы – калядоўшчыкі, паказалі ім, што гэта.
Ці спадабалася калядаваць з малымі калядоўшчыкамі і калі спадабалася, то што найбольш?
Саша Кудловіч:
Мне спадабалася тое, што мы хадзілі па розных кватэрах. Атрымлівалі пачастункі за выступы і ўсё такое…
Даніла Кузьмініч: Мне найбольш спадабалася быць Мядзьведзем!
Спадабалася таксама, калі я паказваў, што мне казаў Механош. А вось самае класнае ў гэтым свяце тое, што нам даюць цукеркі!
Мікіта Кузьмініч:
Мне Каляды спадабаліся. Гэта вельмі вясёлае свята!
Гэта такое свята, калі людзі могуць працаваць разам. Вось, напрыклад, калі б не мы, то вось гэтыя ўсе дзеці пра якіх я вам расказваў, не ведалі б, што такое Каляды.
А мы – Антось, Лера, Раман, Саша, я і мой брат Даніла падарылі гэтым дзецям свята і дзякуючы нам, дзякуючы таму, што мы працавалі, яны даведаліся пра беларускія традыцыі.
Мне найбольш спадабаўся выступ Мядзьведзя, калі ён паказваў, як дзеці рыхтуюцца да школы, ці як мама ў дзяцей правярае хатняе заданне. А больш за ўсё мяне ўразіла, як ён паказаў, як хлопцы дзяўчат цалуюць.
Ці хочаш ты яшчэ па калядаваць у наступным годзе?
Саша Кудловіч: Так, вельмі хачу!
Даніла Кузьмініч: Так! Бо мне гэта падабаецца. Бо гэта весела!
Мікіта Кузьмініч: Канешне! Таму што гэта мне падабаецца!
Я ўжо трэці ці чацьвёрты год калядую. Я магу наведваць сваіх сяброў на Каляды. Святкаваць і адзначаць тыя традыцыі, якія былі вельмі даўно, яшчэ ў старажытныя часы.
Я думаю, што я павінен працягваць гэтую традыцыю, як гэта рабілі мае продкі!
Выдатна, што традыцыя святкаванняў беларускіх Калядаў мае працягласць ужо, як мінімум, два дзесяцігоддзі.
Новая традыцыя беларускіх калядаванняў у Гродне трымаецца на ініцыятары, які бярэ на сябе адказнасць арганізатара і ў розны час гэта былі розныя асобы і розныя арганізацыі.
Здараецца, што гэтыя людзі па розных прычынах адыходзяць ад гэтых справаў і тут вельмі істотна, каб іншыя падхоплівалі ініцыятыву і на нейкі час бралі на сябе адказнасць за традыцыю беларускіх калядаванняў.
Традыцыя захоўваецца толькі тады, калі мае нейкі лагічны штогадовы працяг.
Гэта значыць, што новыя людзі бяруць за аснову і адаптуюць напрацаваны раней матэрыялы і досвед.
Разам з прыходам маладых калядоўшчыкаў хочацца верыць, што некалі яны будуць тымі, хто возьме на сябе ініцыятыву па падрыхтоўцы беларускіх калядаў”.
Пра трыдыцыі беларускіх каледаванняў у Гародні чытайце ў іншым матэрыяле Ігара Кузьмініча, які ў хуткім часе з’явіцца на нашым сайце.
Фота: Інга Сакута, Вольга Корсун, Уладзімір Хільмановіч
Відэа: Ігар Кузьмініч, Вольга Корсун