“Ён быў стылёвым ва ўсім”. Мінула 2 гады, як загінуў Юрка Гумянюк
На вечарыне, якую вяла паэтка Ала Петрушкевіч (на здымку вышэй), прагучала шмат словаў пра шматбаковы талент Юркі Гуменюка.
Прафесар Аляксей Пяткевіч (на здымку ніжэй) назваў яго “эстэтам высокага кшталту”, які ўмеў гуляць словам і элегантна выказвацца. Увогуле Юрка Гумянюк быў стылёвым ва ўсім: і ў літаратуры, і ў манеры трымацца, і ў знешнім выглядзе.
– Ён быў у літаратуры таленавітым ва ўсім: надрукаваў раман, быў таленавітым эсэістам, пісаў добрыя п’есы для лялечнага тэатру. Ягоная літаратурная крытыка вызначалася выдатным густам, рэзкасцю і самастойнасцю, – зазначыў Аляксей Міхайлавіч.
На вечары памяці гучалі розныя вершы Юрыя Гуменюка, падборку якіх чыталі розныя прысутныя госці. Адзін з вершаў Ала Петрушкевіч называе праграмным вершам Юрыя Гуменюка, які вызначае ягоную творчасць – “Заўсёды насупраць”. У творы гучыць слова “нон-канфармізм”, якое, па словах Алеся Аркуша, любіў часта паўтараць Юры Гумянюк.
Алесь Аркуш распавёў пра гісторыю знаёмства і сяброўства з гарадзенскім паэтам.
Першую кнігу Юрыя Гуменюка ўдалося надрукаваць акурат у Полацку.
На вечарыне ў Гродне Алесь Аркуш (на здымку вышэй) прэзентаваў уласную кнігу “Мясцовы час”, у якой гучаць у тым ліку лісты Юркі Гуменюка да полацкага сябра.
Алесь Аркуш зазначыў, што гарадзенскі паэт пакінуў пасля сябе даволі багатую спадчыну – ягоныя лісты, эссэ, літаратурная крытыка павінны быць укладзеныя і надрукаваныя.
Тонкае разуменне мастацтва адзначыў гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч (на здымку вышэй), які ўзгадаў сяброўства Юрыя Гуменюка з гарадзенскімі мастакамі і ягоныя рэпартажы з мастацкіх выставаў, якія вылучаліся сярод іншых журналісцкіх матэрыялаў.
На вечарыне паэта згадвалі Данута Бічэль (на здымку вышэй), Ганна Аўчыннікава. Вольга Хвашчынская (на здымку ніжэй) заспявала песню на верш Юрыя Гуменюка.
Падчас вечара ўспамінаў дэманстраваліся здымкі паэта розных часоў.
Цікава было ўбачыць фрагмент відэа, на якім малады Юрка Гумянюк выступае з уласнымі вершамі на канферэнцыі Таварыства вольных літаратараў.