Яшчэ два футбалісты пакінулі “Нёман”: хто наступны?
Перад тым як сысці, хлопцы вырашылі развітацца з гарадзенскімі заўзятарамі.
Аляксандр Анюкевiч:
– “Пакідаю родны “Нёман” і хачу сказаць дзякуй, усім, хто падтрымліваў мяне, калі я гуляў у Гродне. Заўсёды буду сачыць за тым, як родная каманда выступае. І спадзяюся, калі-небудзь яшчэ вярнуся ў Гродна.
Напрыканцы хачу пажадаць хлопцам поспехаў у новым сезоне і каб у табліцы былі вышэй, чым мы ў мінулым годзе”.
За мінулы год у складзе “Нёмана” абаронца правёў 1249 хвілін на поле і два разы здолеў аддаць галявыя перадачы.
У свой час Аляксандр гуляў за моладзевую зборную Беларусі.
Сяргей Лявіцкі:
– “Сышоў, бо вырашыў паспрабаваць свае сілы ў іншай камандзе. Вялікі дзякуй заўзятарам за падтрымку на працягу многіх гадоў!
Яны заўсёды былі побач з камандай і ў дрэнныя, і ў добрыя часы. Гарадзенскія фанаты – самыя лепшыя! Поспехаў ім у будучыні! Буду сачыць як за камандай, так і за фанатамі. Дзякуй!”
За мінулы год у складзе “Нёмана” паўабаронца правёў 746 хвілін на поле і забіў 1 гол.
Сяргей Лявіцкі і Аляксандр Анюкевіч: апошні раз “зялёна-жоўтыя”?
На дадзены момант са старых гульцоў, якія гулялі на працягу апошніх сезонаў, у камандзе засталіся Аляксей Лягчылiн, Артур Бомбель, ды два заслужаныя ветэраны гарадзенскага футбола, два Дзмітрыі – Раўнейка i Кавалёнак.
Але будучыня гэтых гульцоў у “Нёмане” пад вялікім пытаннем, якое залежыць цяпер таксама і ад нядаўна прызначанага новага старшыні клуба Івана Варсовіча.