“Нёман” зноў прайграў у Маладзечне

|

Паглядзець на паядынак паміж «зубрамі» і дзеючымі чэмпіёнамі сабралася вялікая колькасць людзей.

 

Апроч заўзятараў на матчы прысутнічалі высокапастаўленыя чыноўнікі: генеральны дырэктар “Дынама-Мінск ” – Максім Субботкiн, старшыня мінскага аблвыканкаму Сямён Шапіра і памочнік Прэзідэнта па Мiнскай вобласці – Мікалай Корбут.

 

Гарадзенцы прыехалі ў Маладзечна ў добрым настроі. За “Нёманам” лічылася пераможная серыя ў чэмпіянаце Беларусі і перамога ў Кантынентальным Кубку.

 

Але на поспехі гарадзенцаў “дынамаўцы” не звярнулі ўвагу.

 

Ужо да пятай хвіліны “Нёман” прапусціў дзве шайбы!

 

Спірыдонаў вырашыў памяняць асноўнага галкіпера Саманькова на экс-дынамаўца Шэляпнёва.

 

Пасля змены гульня параўнялася і гарадзенцам нават атрымалася скараціць адставанне.

 

Але ў другім перыядзе “Нёман” прапусціў яшчэ дзве шайбы….

 

Выніковы лiк сустрэчы 4:1 на карысць «зуброў». У складзе пераможцаў дублем вызначыўся Станіслаў Лапачук, а таксама закінулі Раман Каскоў і Мікіта Феактыстаў. У “Нёмана” шайбай адзначыўся Даніэль Сэман. 

 

Для гарадзенцаў “Дынама-Маладзечна” з’яўляецца вельмі нязручным супернікам. Гэтым клубам кіруе Дзмітрый Краўчанка, былы настаўнік гарадзенскага “Нёмана”.

 

Пасля матчу, галоўны трэнер гарадзенцаў Васіль Спірыдонаў адзначыў:

 

– «Аб нашай гульні многага і не скажаш. Сёння дамінавала адна каманда – гэта гаспадары. Яны разумна пабудавалі план на гульню, забілі, ну, а трэці перыяд быў фармальнасцю.

 

Мы гублялі шайбы ў сярэдняй зоне і атрымлівалі контратакі. Таму, вядома, камандай незадаволены.

 

Адзіны змякчальны фактар – шмат сіл аддалі ў Жлобіне, пераезды. Але гэта слабое суцяшэнне.

 

Мы сёння адыгралі вельмі кепскі матч. Тое, што мы можам паказаць і тое, што паказалі, гэта ні ў якія разы …

 

Прыедзем дадому, спакойна паглядзім гульню і зробім правільныя высновы. Калегу з перамогай!»

 

“Нёман” апусціўся на агульнае пятае месца ў турнірнай табліцы, а”Дынама-Маладзечна” працягвае займаць апошняе шостае месца ў першай падгрупе.

 

21 студзеня. “Дынама” (Маладзечна) – “Нёман” (Гродна) – 4: 1 (2: 1, 2: 0, 0: 0)