Гарадзенскія яўрэі – iм не было куды ўцякаць

Дата была абраная таму, што ў гэты дзень савецкія войскі вызвалілі канцэнтрацыйны лагер Асвенцым (тэрыторыя цяперашняй Польшчы). У гэтым лагеры смерці абарвалася жыццё і многіх гарадзенскіх яўрэяў.

 

Яўрэйская Гародня: пачатак трагедыі

 

У 1931 г. 42,6 % жыхароў Гродна (18 697 чалавек ) складалі яўрэі. У 1937 году горад быў ужо напалову яўрэйскi – 30 000 з 60 000 жыхароў. Прыкладна такая ж  колькасць яўрэяў жыла ў горадзе ў 1941 г., калі сюды прыйшлі немцы.

 

Гарадзенская яўрэйская моладзь (даваенны здымак)

 

Гродна знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй 3 гады і 1 месяц – з 23 (24 ) чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года.

 

Сілы вермахта захапілі Гродна за адзін дзень. У горадзе не спынялася паніка, часу для ўцёкаў амаль не было. Нават тых яўрэяў, якія паспелі збегчы, немцы дагналі – настолькі хутка яны рухаліся. І яўрэі вярнуліся назад…

 

Да яўрэяў адразу былі ўжытыя «санкцыі» – абмежаванні .

 

Яшчэ да стварэння гета ім пад страхам смерці загадалі насіць асаблівыя адметныя знакі – белыя нарукаўныя павязкі з сіняй «зоркай Давіда», якія затым у гета былі заменены на шасціканечныя жоўтыя зоркі, нашытыя спераду і ззаду.

 

Яўрэям дазволілі хадзіць толькі па праезнай частцы і толькі па адным, ім забаранялася з’яўляцца на рынку, заходзіць у паркі, кінатэатры і тэатры . Кожны яўрэй, убачыўшы немца або паліцая, ужо здалёк абавязаны быў зняць свой галаўны ўбор.

 

Неадкладна пасля акупацыі ўсіх яўрэяў ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў абавязалі штодня раніцай з’яўляцца на паказанае месца для размеркавання на прымусовыя працы. Затым іх як рабоў разбіралі ўсе жадаючыя.

 

15 кастрычніка 1941 г. немцы зрабілі больш жорсткімі ўмовы для яўрэяў: працаваць былі абавязаныя мужчыны ад 14 да 60 гадоў, і жанчыны ад 14 да 55 гадоў.

 

На працы яўрэяў ня кармілі і нічога не плацілі. За найменшую «правіннасць», нават за жаданне проста разагнуць спіну, збівалі і нават забівалі.

 

Яўрэяў забівалі і ў выпадку любога здарэння, таму што лічылася, што “заўсёды і ва ўсім вінаватыя яўрэi».

 

Аднойчы немцы загналі групу яўрэяў ў Нёман і не давалі ім выйсці, пакуль яны не патанулі.

 

Яўрэйская моладзь на беразе “Нёмана” (даваенны здымак)

 

Без права на жыццё

 

У пачатку ліпеня 1941 года ў Гродна прыбыў атрад карнікаў для знішчэння вядучых прадстаўнікоў інтэлігенцыі яўрэйскай грамады – педагогаў, мастакоў, лекараў, юрыстаў і музыкаў.

 

Быў складзены спіс і 5 ліпеня 1941 немцы і калабарацыяністы вывезлі за горад і забілі 80 чалавек – самых аўтарытэтных і адукаваных прадстаўнікоў грамады, тых, хто патэнцыйна мог арганізаваць або ўзначаліць супраціўленне.

 

Для арганізацыі выканання указанняў нацыстаў у яўрэйскай суполцы ў ліпені 1941 года ў Гродне быў створаны юдэнрат.

 

У яго склад спачатку былі ўключаны 10 чалавек, а потым іх колькасць нацысты павялічылі да 24. На чале юдэнрата акупанты паставілі былога дырэктара гімназіі і выкладчыка школы «Тарбут» Давіда Бравера (Brawer).

 

У верасні 1941 году нацысты пачалі арганізоўваць у Гродна два гета (прыкладна 2 км. адно ад другога), якія занялі плошчу каля 1,5 гектараў (вуліца Іерусалімская (сучасная вуліца Антонава) і раён вуліцы Вялікая Траецкая).

 

Падзел на 2 гета быў зроблены немцамі з мэтай палегчыць сабе ў далейшым ўжо запланаванае знішчэнне гарадзенскіх яўрэяў: у гета № 1 сагналі кваліфікаваных рабочых, у гета № 2 – « непрадуктыўных» яўрэяў.

 

Гета № 1 было створана ў цэнтральнай частцы горада, у «Старым горадзе», недалёка ад замка і вакол Вялікай сінагогі, – на вуліцах Скідзельскай і Перэца, у раёне Скідзельскай плошчы, а яго цэнтральны ўваход знаходзіўся з боку вуліцы Замкавай (пераназванай немцамі ў Burg Strasse).

 

На плошчы менш за палову квадратнага кіламетра яно разам з 15 000 вязнямі і праіснавала з лістапада 1941 года па сакавік 1943 года.

 

Гета было акружана 2- х метровым плотам.

 

Гарадзенскiя яўрэi каля ўвахода у гета (здымкі падчас дэпартацыі 1941 год)

 

Гета № 2 было арганізавана за чыгуначнымі шляхамі ў раёне вуліцы Переца (былы прыгарадны раён Слабодка), побач са старымі казармамі каля рынкавай плошчы.

 

Гэта гета займала большую плошчу, чым гета № 1, але яго жылыя будынкі былі ў значна больш горшым стане.

 

Туды былі сагнаны 10 000 яўрэяў, якім далі толькі 6 гадзін, каб перасяліцца без выкарыстання транспартных сродкаў. У выніку тысячы яўрэяў у паніцы ламіліся ў вароты гета.

 

Гета было акружана плотам уздоўж вуліцы Скідзельскай. Уваход у гета знаходзіўся на вуліцы Артылерыйскай (пераназванай немцамі ў Kremer Strasse).

 

Гета № 2 было знішчана да мая 1943 г.

Да 1 лістапада 1941 года фарміраванне абодвух гета было завершана і ўсе яўрэі горада апынуліся ўнутры іх.

 

Начальнікам гета № 1 стаў Курт Візэ (Kurt Wiese), гета № 2 – Ота Стрэблеў.

 

Абодва любілі асабіста расстрэльваць яўрэяў, і з паказанняў сведак вядома, што Візэ два разы на дзень мяняў сваю вопратку, таму што яна змакала ад крыві.

 

Умовы жыцця ў Гарадзенскім гета былі надзвычай цяжкія, зневажальныя і нечалавечныя.

 

Вось што распавядае Хаім Шапіра, які здолеў выжыць у гэтым пекле:

 

– «Надзелі жоўтыя зоркі Давіда спераду і ззаду. Плявалі на нас, маглі забіць, калі немец зловіць. І палякі таксама здзекаваліся страшна. Мы былі людзі па-за законам. Бывала, устанеш раніцай, ідзеш і глядзіш – павешаныя на балконах».

 

Аднак вязні гэтага гета галадалі адносна менш, чым у шматлікіх іншых гета, і былі забітыя пазней, бо гітлераўцы ўключылі Гродна ў склад Трэцяга Рэйху – рэйхскамісарыята Остланд («Усходнія землі»).

 

Жыццё ў пекле

 

Людзі, штодня рызыкуючы жыццём, умудраліся мяняць рэчы і пажыткі на хоць нейкія прадукты. Гарадзенцы варылі супы і вёдрамі насiлi i давалі бедным яўрэям, тыя ўзамен не раздумываючы давалі жыхарам свае залатыя пярсцёнкі, завушніцы і г.д.

 

У абодвух гета былі ўведзеныя хлебныя карткі, па якіх яўрэі атрымлівалі каля 200 грамаў хлеба ў дзень за невялікую плату.

 

Юдэнрат часам, па асаблівых выпадках, дастаўляў ў гета трохі каніны.

 

У падвале Вялікай сінагогі атрымалася стварыць запас бульбы, які таксама патроху размяркоўваўся юдэнратам сярод вязняў.

 

Вялікая сінагога (здымак пасля вайны)

 

У першыя месяцы існавання гета забойства не былі асноўнай прычынай смяротнасці вязняў – вялікая частка тых, хто нарадзіўся ў гэты пачатковы перыяд пад час існавання гета яўрэяў або скончылі жыцц самагубствам ад жаху безвыходнасці, або памерлі ад хваробы.

 

Асабліва шмат памірала дзяцей, чый арганізм не вытрымліваў умоў існавання ў гета.

 

Вось што распавядала Франі Бройдэ, якой таксама пашчасціла выжыць:

 

– «Немцы дамагліся сваёй мэты. Фізічна і душэўна зламалі яўрэяў. Падпарадкавалі іх цалкам. Забралі маёмасць і здольнасць разважаць. Стомленасць, безнадзейнасць, якая авалодала яўрэямі, палегчыла немцам працэс знішчэння».

 

Яўрэяў прымусілі жыць у настолькі страшнай цеснаце, што многім не было дзе легчы і яны спалі седзячы.

 

Па гэтай прычыне ў снежні 1941 нацысты былі нават вымушаныя перамясціць частку вязняў з гета № 1 у менш шчыльна засяленае гета № 2.

 

Усяго за час існавання абедзвюх гета ў Гродна праз іх прайшлі каля 42 000 яўрэяў, з якіх прыкладна 20600 загінула.

 

У апошні шлях

 

Забойства яўрэяў у самім горадзе адбывалася на тэрыторыі гарадской турмы, у доме па вуліцы Камінтэрна, у Вялікай сінагозе (там звычайна расстрэльвалі хворых і параненых яўрэяў) і ў іншых месцах.

 

Больш за 1 000 вязняў былі расстраляныя на старых яўрэйскіх могілках.

 

Акрамя расстрэлаў і смерці ад збіцця, яўрэі паміралі ад пакут – забойнай працы, голаду і антысанітарыі, якiя выклікалi хваробы і эпідэміі.

 

1 лістапада 1942 года гітлераўцы пачалі адпраўляць яўрэяў з гета і бліжэйшых мястэчак у перасыльны (транзітны) лагер Калбасiно.

 

З 2 Лістапада 1942 года абодва гета былі акружаны і заблакаваныя аховай. Большасць вязняў з лагера Калбасiно далей былі адпраўлены ў вагонах для быдла ў канцэнтрацыйныя лагеры Асвенцым і Трэблінка, дзе і загінулі.

 

Першы транспарт з гарадзенскімі яўрэямі прыбыў у Асвенцым 18 лістапада 1942.

 

Нямецкай грамадзянскай адміністрацыяй дакументальна зафіксавана, што да 1943 года з Гродна вывезлі 20577 яўрэяў.

 

Хтосьці з іх застаўся ў лагеры Калбасiно, хтосьці – у лагерах смерці ў Польшчы.

 

У Шталаг -353 да восені 1942 г. прыганялі толькі мясцовых яўрэяў, а па некаторых звестках, у снежні 1942 гады ў гэты лагер прывезлі каля 30 000 яўрэяў з мястэчак Беластоцкай акругі (Гарадзенскай і Беластоцкай абласцей Беларусі), з якіх каля 27 000 чалавек на працягу тыдня вывезлі і забілі, а 3000 перавялі ў Гарадзенскае гета № 1 і знішчылі пазней.

 

12 лютага 1943 г. начальнік гета № 1 Візэ загадаў юдэнрату вылучыць 400 чалавек нібыта для працы за межамі гета.

 

13 лютага адабраных людзей (сярод іх – усе мужчыны з гета) загналі ў Вялікую сінагогу, тых, хто спрабаў збегчы, расстрэльвалі на месцы.

 

Работнікаў юдэнрата і кваліфікаваных рабочых аддзялілі і расстралялі; старшыню юдэнрата Бравера застрэліў асабіста Візэ.

 

Тых, хто застаўся ў жывых (2500 чалавек) гналі калонай з гета да чыгуначнай станцыі па вуліцы Брыгіцкай і павезлі ў лагер смерці Трэблінка (ад Гродна 150-160 кіламетраў).

 

Знішчыўшы ўвесь склад юдэнрата, гестапаўцы забілі начальніка яўрэйскай паліцыі гета Серабранскага.

 

Да 12 сакавіка 1943 г. Гарадзенскае гета было знішчана, нешматлікіх ацалелых вязняў вывезлі ў Беластоцкае гета (але яшчэ і ў траўні 1943 вылоўлівалі і забівалі асобных яўрэяў).

 

Так Гродна, па нямецкіх данясеннях ад 13 сакавiка 1943, стаў «юдэнфрай» – «вольны ад яўрэяў», хоць на момант вызвалення Гродна 14 ліпеня 1944 у горадзе яшчэ былі жывыя ад 40 да 50 яўрэяў.

 

Брыгада мясцовых жыхароў шукала каштоўнасці ва ўжо ліквідаваным гета, старанна выстукваючы сцены і падлогі. Вельмі шанаваліся знаходкі жывых яўрэяў – за кожнае выяўлены прытулак («маліну») немцы шчодра плацілі.

 

Яўрэяў, забітых у горадзе, закопвалі ў канавах і ямах. Каб схаваць сляды злачынстваў, з вясны 1944 г. нацысты сталі прымушаць тых, хто застаўся ў жывых, а таксама ваеннапалонных, маскіраваць месцы масавых забойстваў – разраўноўваць надмагільныя пагоркі, высаджваць на іх паверхні кветнікі і гародніну (так было зроблена ў двары турмы).

 

На могілках Гродна, Калбасiно, Ласосна, форта № 2 і ў іншых месцах цела забітых выкопвалі і спальвалі.

 

Савецкія ўлады ў акце ад 26 чэрвеня 1945 г. ўстанавілі, што месцы масавых пахаванняў мелі памеры 2-6 м у шырыню і 50-100 м у даўжыню, а забітых ўкладвалі да сямі шэрагаў у глыбіню.

 

…Да Катастрофы ў Гродне жылі больш за 30 000 яўрэяў, з іх выжылі каля 300 (да 16 ліпеня 1944 г. у горадзе былі жывыя толькі каля 200 яўрэяў, уключаючы і партызан).

 

Ацалелыя з Гродзенскага гета на сустрэчы ў 1947 году

 

Падманутыя надзеі

 

Але, на жаль, пасля вайны да мясцовых яўрэяў, якіх засталося вельмі мала, стаўленне змянілася мала.

 

Савецкая ўлада хутка забылася пра пакуты яўрэйскага народа.

 

Усё, што нагадвала яўрэйскае паходжанне ў горадзе, камуністы імкнуліся знішчыць.

 

У Вялікай сінагоге размясціліся майстэрні.

 

А вось вялікiя яўрэйскія могілкі, дзе па розных дадзеных было пахавана каля 15 000 чалавек, зраўнялі з зямлёй і пабудавалі на іх месцы у пачатку 1960- ых гадоў стадыён.

 

Але пра гэта мы распавядзем вам пазней…