Дзень закаханых у Тэатры лялек: свабодныя абдымашкі, ЗАГС і прапанова рукі і сэрца

Увечары 14 лютага на парозе Тэатра лялек гасцей сустракалі акторы. Каб прайсці ў зал, пары павінны былі пацалавацца, а адзінокія – атрымаць палавінку сэрца, з якой можна было знайсці сабе пару на вечар.

 

Каб ніхто не адчуваў сябе адзінокім у Дзень закаханых, акторы тэатру раздавалі ўсім “свабодныя абдымашкі”.

 

Тут жа, на парозе, можна было атрымаць прадказанне ад пірата ў цёмных акулярах і яго папугая. А паверхам вышэй – пракансультавацца адносна кахання і жыцця з варажбіткай, якая чытала будучыню па лініях рук і ігральных картах.

Паўсюль былі арганізаваныя адмысловыя фотазоны. У асобнай зале можна было паслухаць скрыпку, паглядзець выставу дэкаратыўных лялек і здзівіцца працы ілюзіяніста. Да Дня закаханых тэатр правёў фотаконкурс: дасланыя фота можна было ўбачыць на ўваходзе.

 

Папулярнасцю сярод пар карыстаўся “ЗАГС”. Паклясца ў вечным каханні прыходзілі як ужо жанатыя, так і тыя, каго вяселле яшчэ чакае. На нявесту чаплялі вэлюм, а пасля клятвы маладзёны атрымлівалі “пасведчанне аб шлюбе”.  Мужчына, атрымаўшы, клянецца рэгіструючай: “Я яго вам праз 20 гадоў прынясу, абяцаю”.

 

Адна пара дакладна запомніць гэты дзень: хлопец на вачах усіх зрабіў дзяўчыне прапанову. Гледзячы на рэакцыю, тая была згодна.

Таксама на вечары гарадзенцаў чакала шмат інтэрактыўных пастановак. Парам прапаноўвалі адчуць сябе ў Парыжы і дарылі шампанскае. Не забыліся арганізатары і пра любоў да братоў меншых: паказалі відэа пра любоў людей і жывёл. Пра каханне ў той вечар спявалі песні і прыпеўкі, чыталі вершы і маналогі, і нагадвалі, што каханне – гэта галоўнае ў жыцці.

 

 


Відэа Ірыны Новік