“Нёман”: мацней за “Юнацтва”, слабей за “Металург”
16 лютага “Нёман” у Гродна прымаў мiнскае “Юнацтва ” і ўпэўнена абыграў сталічную каманду з лікам 3:1.
У складзе гарадзенцаў дублем вызначыўся Ягор Сцяпанаў. Яшчэ адну шайбу закінуў Даніэль Сэман. У “Юнацтва” вызначыўся Якуб Чэрны.
Такiм чынам “Нёман” падабраўся ў турнірнай табліцы да “Юнацтва”. Дзейснаму чэмпіёну Беларусі не хапала да трэцяга радка 6 ачкоў і перамогі ў бліжэйшых матчах чэмпіянату пакідалі шанс дагнаць сталічную каманду.
Але ў чацвер 19 лютага “Нёман” саступіў жлобінскаму “Металургу з лікам 3:1.
У складзе нашай каманды вызначыўся Ілля Назарэвiч.
Пасля двух важных гульняў Васіль Спірыдонаў даў каментар:
– Плэй-оф будзе вельмі гарачым. Адназначна. “Нёман” і “Металург” дзве роўныя каманды, і толькі розыгрыш Кубка прэзідэнта пакажа іх канчатковую сілу.
– У сезоне “Нёман” абыграў “Металург” пяць разоў і саступіў толькі двойчы. Ці робіць дадзены факт фаварытам вашу каманду?
– Плэй-оф ураўноўвае ўсіх. Фаварыта назваць нельга. Тут любыя дэталі і дробязі будуць мець значэнне.
На лёд выйдуць дзве роўныя каманды, і ўсё пачнецца з нуля. Хто ў каго выйграў у гладкім чэмпіянаце, як гэта зрабіў, за кошт чаго – усё роўна. Усё вырашыцца ў плэй-оф.
22 лютага ХК “Нёман” правядзе ў канферэнц-зале лядовага палаца спорту (вул. Камунальная 3а) традыцыйную сустрэчу клуба з заўзятарамі. Пачатак сустрэчы запланаваны на 18:00.
Да пачатку плэй-оф засталіся дзьве гульні: 21 лютага ў гасцёх супраць “Дынама Маладзечна” і 23 лютага на сваім лёдзе супраць “Шахцёра”.