У першы дзень вясны гарадзенцы назіралі за птушкамі

| Без катэгорыі

Уласна кажуцы, назіранні пачаліся яшчэ да выезду – проста ў цэнтры горада, на месцы збора удалося пабачыць першую птушку – таўстадзюба, які прысеў на ліпу акурат побач з намі. Дзюба ў птушкі сапраўды адмысловая – нават вішнёвыя косткі можна трушчыць!

 

Мае апасенні з нагоды таго, што туман памяшае назіранням, выклікалі толькі ўсмешкі – птушак можна пабачыць нават ў дождж, галоўны вораг для іх гэта бяскорміца, але ў гэтым годзе была мяккая зіма, і ім гэта не пагражала.

 На назіранні выехалі ў пойму ракі Свіслач.

 

Дарэчы ў мінулым годзе, у межах аднаго з праектаў, тут былі выстаўлены адмысловыя інфармацыйныя знакі з выявамі птушак, якіх можна назіраць у гэтых месцах.

Да першых вясновых назіранняў далучыліся і вучні – члонкі клубу “Крылаты дазор”. Для некаторых з іх, як і для мяне гэта быў першы досвед назірання за птушкамі.

 

Гэтым разам удалося пабачыць амялушак, вялікіх савукоў, качак-крыжанак, звычайнага гогаля. Чайку-рагатуху, стаю лебедзяў-клікуноў, шэрага дразда, палявых жаўрукоў, зелянушак, звычайную стрынатку, кнігавак і крумкача.

 

І, як аказалася, гэта далёка не поўны пералік птушак, каторых можна назіраць вясною ў нашай мясцовасці. Добрым вясновым днем можна пабачыць каля сотні відаў птушак.

 Спіс маіх фота-трафеяў з выезда, канечне аказаўся больш кароткім – блізка да сябе падпускалі толькі верабейкі і куркі ў вёсцы.

 

Але глядзець ў бінокль ці падзорную трубу таксама было вельмі цікава.