Постаці 2: Данута Бічэль
“Я сэрца вынімала многа разоў са сваіх грудзей і клала ў гэты музей, таму што я яго рабіла для людзей. І цяпер каго не слухаеш, хто не гаворыць, што яго Беларусь пачыналася ў музеі М.Багдановіча”.
Апошнім часам паэзія Дануты Бічэль сягае да “неба” і галоўнае месца ў ёй адводзіцца Богу, пра што сведчыць яе навейшы зборнік духоўных вершаў, вершаў-малітваў “Іду сцяжынаю да Бога”, які сама паэтка назвала сваім прыватным малітоўнікам.
“На маю паэзію паўплывала вёска, а менавіта язычніцтва. Мы маліліся сонейку, зямлі, траве, дрэвам – усяму, што было вакол нас. Тое, што ёсць у Янкі Купалы, праз тое прайшла і я. Вызвалілася я ад гэтага, калі пачала працаваць у “Нашай веры” і “Ave Maria”, калі адчула, што мяне цягне да Бога. Тады я пачала пісаць, на маю думку, бездакорныя вершы, бо я прапускала іх праз малітву”.
Вершы Дануты Бічэль сталі падмуркам для творчасці музыкаў розных жанраў.
Апрача вершаў, Данута Янаўна піша яшчэ і прозу. Яе пяру належаць кнігі “Хадзі на мой голас”, “Мост святога Францішка” і “Правінцыя святога Францішка”.
9 лютага 2015 года Данута Янаўна напісала заяву аб выхадзе з ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
“У “Саюз…” мяне прынялі роўна 51 год таму назад, у 1964 годзе. У той час у Гродне жылі два вялікія пісьменнікі – Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў.
Шмат чаго змянілася ў жыцці і літаратуры. Апошнім часам я супрацоўнічаю з каталіцкімі выданнямі – часопісам “Ave Maria” і квартальнікам “Наша вера”.
У часопіс “Дзеяслоў” я трапіла адзін раз, выпадкова. Не выпадала вылучаць тую маю публікацыю на прэмію года, таму што я з правінцыі, але паставіць маё прозвішча для гульні ў “шорт-ліст” было зручна.
Справа не толькі ў маім узросце. Пакрыўдзілі маю творчасць. Я ведаю сабе цану і сваё месца ў літаратуры. Без “Саюза беларускіх пісьменнікаў” я застаюся Данутай Бічэль”.
Глядзіце таксама:
Постаці 2: Ала Клемянок (Страшынская)