У “Нёмане” папаўненне
Каманду афіцыйна папоўнілі Андрэй Штыгель, Аляксандр Едэшка і Андрэй Хачатуран.
Усе тры гульцы добра вядомыя гарадзенскай публіцы. Хачатуран у мінулым сезоне выступаў за асноўную каманду, а Штыгель і Едэшка вядомыя сваім выступам за дублюючы склад “Нёмана”.
Андрэй Штыгель нарадзіўся ў Гродне 22 чэрвеня 1994 (20 гадоў; вага 70 кг, рост – 180 см).
Паўабаронца з’яўляецца выхаванцам гарадзенскай СДЮШАР-6 (першы трэнер Алег Севастьянiк).
З 2010 па 2012 гг. Андрэй выступаў за “дубль” жоўта-зялёных (24 гульні за тры сезоны).
У 2013 г. пакінуў клуб і адправіўся ў мінскае “Дынама”, з “дублем” якога стаў бронзавым прызёрам, а ў 2014 годзе – чэмпіёнам краіны.
У мінулым сезоне правёў за дубль «бела-сініх» 23 матчы.
Аляксандр Едэшка нарадзіўся ў Гродне 28 студзеня 1993 г. (22 гады; вага 74 кг, рост – 176 см).
Паўабаронца з’яўляецца выхаванцам гарадзенскiх футбольных школ СДЮШАР-6 і “Белкард” (першы трэнер Юрый Емяльянчык).
Едэшка мае вопыт выступлення ў Вышэйшай Лізе чэмпіянату Беларусі.
Яго дэбют ў мацнейшым дывізіёне краіны адбыўся ў 2010 годзе, аднак за тры сезоны Аляксандр згуляў толькі 11 матчаў за жоўта-зялёных.
За дубль гарадзенскага клуба Аляксандр правёў 68 матчаў, у якіх вызначыўся 8 разоў.
У 2013 годзе быў аддадзены ў арэнду ў светлагорскі “Хімік” (27 гульняў, 5 галоў), а сезон 2014 г. правёў на правах арэнды ў “Гарадзеі” (22 матчы).
Едэшка выступаў за юнацкую зборную Беларусі U-17 на Мемарыяле Гранаткіна ў 2011 годзе, а ў 2012 г. у складзе юнацкай зборнай Беларусі U-19 стаў срэбным прызёрам Кубка Садружнасці.
Андрэй Хачатуран нарадзіўся 2 верасня 1987 г. у Мінску.
З’яўляецца выхаванцам мінскай футбольнай школы “Змена” (першы трэнер – Аляксандр Гегеня).
Дэбютаваў у Вышэйшай лізе ў складзе сталічнага клуба “Мінск” у 2007 годзе.
За 7 гадоў правёў у чэмпіянаце Беларусі 145 матчаў і забіў 8 галоў.
За гэты час паўабаронца тройчы станавіўся сярэбраным прызёрам першынства (у складзе «Шахцёра») і адзін раз бронзавым (“Мінск”).
Па выніках сезону 2012 г. патрапіў у спіс 22-х лепшых гульцоў Беларусі.
У мінулым сезоне Андрэй ужо выступаў за “Нёман” (13 гульняў, 1 гол).
Аднак атрыманая ў матчы з брэсцкім “Дынама” траўма не дазволіла палепшыць гэтую статыстыку.
15 жніўня 2012 года Хачатуран адыграў свой першы матч у складзе зборнай Беларусі супраць Арменіі.
Усяго на поле ў форме нацыянальнай зборнай нашай краіны выходзіў два разы.
Крыху раней кантракты з клубам падпісалі таксама брамнікі Сяргей Курганскі і Раман Фамін (Расія).
На праглядзе ў клубе знаходзіцца расійскі паўабаронца Драгамір Думініка.
Нагадаем, што нядаўна склад “Нёмана” таксама папоўнілі Іван Дзянісевіч (на здымку вышэй зправа), Сяргей Сасноўскі, Андрэй Горбач і Аляксандр Анюкевiч.
Новы сезон “Нёман” распачне 21 сакавіка ў Барысаве гульнёй Кубка Беларусі супраць БАТЭ.
Фота: fcneman.by