Як я стаў археолагам

Арганізацыяй раскопкаў займаецца НАН Рэспублікі Беларусь.

Як вядома, каля вёскі Коматава будуецца ГЭС. А так як у наваколлі знаходзіцца ажно сем археалагічных помнікаў, занесенных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, навукоўцам дазволілі правесці тут раскопкі. Праўда, існуе адна вялікая праблема: да ўводу ГЭС застаецца не шмат часу, таму да работ на двух берагах Нёмана было прыцягнута больш за сто студэнтаў ГрДзУ ім. Я. Купалы і Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту. Чакаецца прыезд брэсцкіх калег. Для студэнтаў раскопкі ў Коматава – вельмі добры варыянт. Мала таго, што яны пройдуць археалагічную практыку, так яны яшчэ і добра правядуць час. Заклікаліся і валанцёры, такім чынам апынуўся тут і я.

>

Тэрыторыя, на якой праводзяцца раскопкі, дзеліцца на Коматава 1, 2…6, а таксама існуюць раскопы каля вёсак Александрава, Пузічы і інш. Мяне і групу першага курсу факультэта гісторыі паслалі на раскоп, які мае назву Коматава-3. Мы шукалі рэчы каменнага веку.

Падрыхтоўка тэрыторыі да раскопак праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку месца для раскопу наведвае… бульдозер.

Потым мы паглыбляем раскоп на дзесяць сантыметраў, а потым – яшчэ на дзесяць.

Такім чынам глыбіня раскопу пасля выканання вышэйназванных этапаў, стала прыкладна 70 сантыметраў. Наступным этапам раскопак робіцца зачыстка аб’ектаў, потым аб’екты замалёўваюцца на мапе-схеме, з улікам іх памераў і знаходжання да поўначы, затым яны фатаграфуюцца. Пасля гэтага мы пераходзім да разбору аб’ектаў; спачатку на палову, пазней і цалкам. Аб’екты ў разабраным стане таксама фатаграфуюцца.

На здымку загадчык аддзелу археалогіі першабытных абшчын Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза з калегай мераюць і замалёўваюць аб’ект.

Той жа аб’ект толькі ў напалову разабраным стане.

За час маёй працы на раскопках, я не толькі адчуўь сябе археолагам, але і не забыўся пра журналісцкі досвед і паразмаўляў са студэнтамі.

Вікторыя Панкевіч: Археалагічныя раскопкі гэта даволі захапляльна, аднак прыгнятае адзін факт – знаходак вельмі мала. Аднак, не гледзячы на гэта і на кіраўнікоў, якія прымушаюсь працаваць, мяне археалагічная практыка больш прывабіла, чым этнаграфічная, хаця археалогія нашмат цяжэй, і на будучыню прафесія археолога – гэта адна з тых, якая мне падыходзіць.

На мае правакацыйнае пытанне: «Што бы ты зрабіла калі б знайшла якую-небудзь унікальную рэч?» – Вікторыя адказала мне вельмі дакладна: «Рэч я аддала б куды патрэбна ў якасці музейнага экспанату, прычым 25% мяне зусім не цікавяць».

Дар’я Сухоцкая: Практыку патрэбна адпрацоўваць у любым выпадку, таму я прыехала сюды. Аднак да археалогіі душа ў мяне не ляжыць. Толькі дзякуючы навуковым кіраўнікам напрыканцы практыкі я зразумела, што археалогія – гэта вельмі цікавая навука і я вельмі добра цяпер стаўлюся да археалогіі як такавой, і мабыць, звяжу з ёй сваё жыццё. Вось як усё можа змяніцца за два тыдні!

А што ўжо знайшлі за час раскопак, якія працягваюцца з красавіка я спытаўся ў загадчыка аддзелу археалогіі першабытных абшчын Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы (ён кіруе раскопкамі): Знаходак за час раскопак ужо назбіралі некалькі дзесяткаў тысяч. Самыя старажытныя датуюцца XI стагоддзем да нашай эры! Ёсць і рарытэты, характэрныя для культуры шнуравай керамікі, ранняга і позняга бронзавага веку, эпохі сярэдневечча. Адна з найболей удалых знаходак – каменная сякера. Сярод іншых і пазнейшыя рэчы: гузікі, шпількі, ювелірныя ўпрыгожванні, прадметы побыту і прылады працы, нацельныя крыжыкі…

А я, працуючы па 6 гадзін на працягу двух тыдняў, знайшоў шмат кавалкаў керамікі (XVIII ст.) і косткі жывёл.

Фота аўтара