У гарадзенскім тэатры лялек пакажуць “Завядзёнку”

|

У склад групы ўваходзяць два акцёры — Ірэна Фас Фіта (Іспанія) і Ёганэс Штубенфоль (Германія). Кампазітар – Мацей Сабураў (Беларусь).

 

Напярэдадні спектакля мы паразмаўлялі з яго рэжысёрам Кацяй Аверкавай (Беларусь, на здымку ніжэй).

 

– Як нарадзілася ідэя стварэння інтэрнацыянальнай тэатральнай групы?

 

– Мы пазнаёміліся з Ірэнай і Ёоганэсам на спектаклі Славы Іназемцава “Рамонт”.

 

Яны працавалі з ім у якасці артыстаў, а мы з Мацеем стваралі музыку да спектакля. Мы зацікавіліся адзін адным і ўзнікла ідэя сумеснай працы.

 

Спачатку мы з Мацеем збіраліся толькі дапамагчы Ёганэсу ды Ірэне з іх асабістым спектаклем, але калі пачалі працаваць разам, супыніцца ўжо было не магчыма.

 

Мы знаходзілі магчымасць наведваць Берлін, ці яны прыязджалі да нас, мы не толькі рэпетавалі, але і жылі разам, знаходзіліся побач 24 гадзіны на суткі.

 

І бывала так, што рэпетыцыі нашы, пачаўшыся ў 11 раніцы, заканчваліся далёка пасля апоўначы.

 

Для нас гэта было больш за сумесную працу. “ЗАВЯДЗЁНКА” сталася для нас не толькі мастацкім выказваннем, але і асабістым даследваннем.

 

– Ці ёсць нейкія спецыфічныя цяжкасці працы ў такім складзе (мова, культурны бэкграўнд, розныя тэатральныя школы і г.д)?

 

 – Ды не. Мы карыстаемся ангельскай і нямецкай мовамі. А культурны бэкграўнд і розныя тэатральныя школы – гэта не цяжкасць.

 

Гэтыя адрозненні робяць працу больш цікавай і ідуць толькі на карысць.

 

– Чым абгрунтаваны выбар метаду “пластычнага тэатра”?

 

– Па-першае, Ірэна і Ёганэс – прафесійныя артысты пластычнага тэатра.

 

Абодва скончылі школу сцэнічных мастацтваў “Etage” (Берлін, Германія) па спецыяльнасці “Пантаміма”.

 

Па-другое – для нас гэта магчымасць інтэрнацыянальнага дыялогу. Паміж намі, і канешне – з гледачом.

 

– Спектакль “Завядзёнка” пра тое, як жыцце ператвараецца ў звычку, у механічны працэс. Чаму, на вашу думку, гэта з’яўляецца праблемай? Можа для беларусаў завядзёнка гэта якраз станоўчая з’ява, тая самая “стабільнасць” якая лічыцца моцным бокам нашай рэчаіснасці?

 

– Тэмай нашага тэатральнага даследвання сталі адносіны паміж мужчынам і жанчынай.

 

Галоўнае пытанне – гэта іх узаемаадносіны ў той перыад, калі рамантыка змяняецца будзёнасцю і руцінай.

 

Тое, што радавала і выклікала шквал эмоцый, робіцца звыклым і механічным.

 

Па сутнасці – губляецца ўвесь сэнс сумеснага жыцця. Альбо новы сэнс для гэтага новага стану яшчэ не знойдзены.

 

Мне здаецца, што кожны чалавек у пэўны перыад свайго жыцця сутыкаецца з гэтай праблемай.

 

І тады паўстае шэраг пытанняў: што адбылося?; чаму чалавек, ад якога ты на імгненне адарвацца не мог, зараз выклікае толькі раздражненне? Можа ён змяніўся, ці гэта ты змяніўся?

 

Чаму тое жыццё, якое вы будавалі разам, больш не цешыць? Дзе пралягла тая мяжа, каторая аддзяліла шчаслівы час ад сёняшняга стану? Чаму ўсё так сталася і што зараз з гэтым рабіць? І – ці можна было таго пазбегнуць…

 

На жаль, многае ў нашым жыцці робіцца несвядома, па звычцы.

 

Мы жывём адно з адным, ходзім на працу, каторую не любім…

 

І мне цяжка назваць станоўчай якасцю не асэнсаваны і несвядомы выбар, сляпы давер традыцыі і звычаю.

 

Нават калі першапачаткова тыя звычаі былі цудоўнымі і мелі значны і мудры сэнс.

 

– Стол і прасціна – амаль адзіныя дэкарацыі на сцэне – чаму менавіта гэтыя прадметы абраныя? Гэта сімвалічна?

 

– Мы адмыслова ставілі сабе задачу мінімізаваць дэкарацыі, каб засяродзіцца на целе ў прасторы і працы з музыкаю.

 

І ведаеце – проста дзіўна, як палёт фантазіі ператварае простыя рэчы ў самыя нечаканыя сімвалы і выявы.

 

– Якой вы бачыце альтэрнатыву завядзёнцы ў жыцці? З чым вы прадракаеце сустрэчу таму, хто набярэцца смеласці вырвацца з гэтага замкнёнага кола наканаваных падзеяў?

 

– Альтэрнатываю паўтарэнню з’яўляецца асабісты асэнсаваны выбар чалавека – пошукі новага, пашырэнне кола зацікаўленасці і, як вынік, – агульнае захапленне жыццём.

 

Тыя энергія і праца, каторыя выдаткоўваюцца на выхад з ненавіснай пакутніцкай сістэмы – мітусьні, акупяцца задавальненнем, любоўю, асабістым ростам і захапляльнаю цікавасццю жыцця.

 

– Ці паўплывала гэта пастаноўка на ваша асабістае жыццё?

 

– Паўтаруся – для нас “ЗАВЯДЗЁНКА” – гэта спектакль-даследванне, і безумоўна, шэраг пытанняў мы для сябе вырашылі.

 

Кожны персанальна. Асабіста для мяне гэта стала каштоўным станоўчым жыццёвым досведам.

 

– Якія творчыя планы на будучыню мае група?

 

– Пакуль плануем некалькі фестываляў на лета і восень.

 

Адначасова пачнём працаваць над новай пастаноўкай.

 

– Чаму вы б параілі паглядзець спектакль і каму?

 

– Чаму? Па-першае, таму што гэта прыгожа.

 

Па-другое, гэта нагода паразважаць пра сваё жыццё.

 

А што тычыцца ўласна спектакля ў Гродна, адным з маіх любімых гарадоў у Беларусі, то мы з задавальненнем запрашаем усіх гарадзенскіх аматараў тэатра раздзяліць з намі цудоўны вечар!

 

Фота: у матэрыяле выкарыстаныя здымкі са старонкі NiMú Theatre ў фэйсбуку