Праведнікі свету: Ян і Кацярына Карыевы
Чытайце таксама:
|
||
Сяляне Ян і Кацярына Карыевы жылі ў вёсцы Ласосна Гродзенскага району (сёння – ў межах гораду). У 1920-х гадах Кацярына працавала няняй ў яўрэйскай сям’і Жукоўскіх ў Гродне. Асабліва яна палюбіла малодшага дзіцяці Жукоўскіх – Саламона. Хлопчык таксама быў вельмі прывязаны да няні і падтрымліваў з ёй сувязь ужо будучы дарослым. Напярэдадні вайны ён працаваў школьным настаўнікам і быў перакананым марксістам.
22 чэрвеня 1941 года, калі Германія напала на СССР, Саламон спрабаваў бегчы на ўсход, але вымушаны быў вярнуцца ў Гродна. Наступныя 18 месяцаў ён правёў у гродзенскім гета. У гэты перыяд былая няня Каця старалася забяспечваць яго прадуктамі і ўсім неабходным.
У лютым 1943 года, падчас ліквідацыі гета, Саламону ўдалося збегчы. Праз некаторы час ён з’явіўся ў Ласосне, у доме Карыевых. Нягледзячы на небяспеку, няня Каця і яе муж прынялі маладога чалавека і схавалі ў склепе. Тры разы на дзень гаспадыня наведвала Саламона і прыносіла яму ежу.
Аднойчы няня дала Саламону сшытак і прапанавала запісваць усё тое, што з ім адбывалася: гэта павінна заняць яго, і час будзе ісці хутчэй. Саламон зрабіў так, як яна раіла. Дзённік напісаны ў форме ліста да яго сясцёр, Тойбы і Эстэр, якія з’ехалі ў 30-я гады ў Палестыну. У красавіку 1943 года, праз некалькі тыдняў пасля таго, як Саламон прыйшоў да Карыевых, ён напісаў пра сваю выратавальніцу наступнае:
“Яна клапоціцца пра мяне як пра малое дзіця, нават выносіць кожны дзень начны гаршчок. Перад світанкам яна ўжо напагатове, правярае, ці ўсё ў парадку. Яна падбадзёрвае мужа, супакойвае яго, бо ён баіцца за сябе і дзяцей. Некалькі разоў на тыдзень яна прыносіць мне з горада газету і ўсякія бадзёрыя навіны”.
Хаця Карыевы жылі ў беднасці – яны не мелі ні ўласнай зямлі, ні якіх-небудзь прыбыткаў – уся ежа пароўну дзялілася паміж хатнімі, уключаючы Саламона. Ніхто ніколі не папракнуў яго кавалкам хлеба і не патрабаваў кампенсацыі выдаткаў. Да Карыевых даходзілі чуткі пра выпадкі, калі яўрэяў лавiлi і расстрэльвалi, таксама яны чулі пра сялянаў, якiя вымагалi грошы, а потым выдавалі яўрэяў акупацыйным уладам. Нягледзячы на страх, Кацярына і Ян працягвалі хаваць Саламона і клапаціцца пра яго. Калі гаспадарам здавалася, што нехта даведаўся пра іх таямніцу, ці калі мясцовая паліцыя выяўляла павышаную актыўнасць, Саламона адпраўлялі ў лес, дзе ён часам знаходзіўся па некалькі дзён, пакуль небяспека не мінала.
У ліпені 1944 года вёску Ласосна заняла Чырвоная Армія. Саламон Жукоўскі вярнуўся ў Гродна. З яго сям’і ў жывых не засталося нікога, таксама не засталася і хаты дзе жылi яго сваякі.
Пасля вайны выратаваны падтрымліваў цесную сувязь са сваімі выратавальнікамі, дапамагаў ім чым мог. У 1989 годзе Саламон Жукоўскі перадаў свой дзённік у архіў Яд Вашэм у Ізраілі.
12 снежня 2000 году музей Яд Вашэм ўзнагародзіў Яна і Кацярыну Карыевых ганаровым званнем “Праведнікi народаў свету”.
У хуткім часе чакайце на нашым сайце запісы з дзённіка Саламона.