Мікалай Лішык: даводзіцца быць і Карабасам-Барабасам
– Як лёс прывеў Вас у Слонімскі тэатр на пасаду дырэктара?
– Гэта справа шчаслівага выпадку. Я па адукацыі настаўнік, працаваў завучам па музыцы ў спецыалізаванай школе, працаваў намеснікам загадчыка гарадскога аддела адукацыі, быў старшынёй гарадскога савета дэпутатаў, старшынёй слонімскага райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі.
Тады я і атрымаў ад начальніка ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Людмілы Кадзевіч нечаканае запрашэнне заняць месца дырэктара Слонімскага драматычнага тэатра.
Я падумаў, памеркаваў і вырашыў, што варта паспрабаваць. Тым больш, што па першай адукацыі я музыкант, а па другой – гісторык.
– Якія пытанні Вам як кіраўніку тэатра даводзіцца вырашаць у штодзенным жыцці?
– Якія заўгодна. У першую чаргу – па будынку. Ёсць мноства дробных пытанняў, па каторых патрабуецца штодзенная праца з уладамі, з падрадчыкамі, з заказчыкамі, з праектантамі, – то бок трэба ліквідоўваць нестыкоўкі, каторыя замінаюць працаваць, і раз ужо нам пашанцавала пабудаваць для сябе такі будынак, то яго трэба зараз падтрымліва у добрым стане, тое-сёе даводзіць да розуму.
Таксама шмат пытанняў па творчай працы вырашаем разам з галоўным рэжысёрам. Арганізацыйныя пытанні, фінансавыя, закупкі розныя, выязды на спектаклі, бо ўсё, што са спектаклямі і вакол іх адбываецца, фінансуецца за нашы ўласныя сродкі, таму і сачу неадступна – рэнтабельныя тыя выязды, ці не, куды лепш паехаць, каму іграем, якія спектаклі…
Карацей, у гэтым кабінеце ўсе пытанні ставяцца і вырашаюцца – ад таго, якім будзе новы спектакль да такіх дробязяў, дзе і якія лепш набыць цвікі.
– Найвядомейшы літаратурны герой – дырэктар тэатра гэта Карабас-Барабас. А якім, на Вашу думку, трэба быць дырэктару, каб тэатр быў паспяховым?
– Можа нават у нечым да яго падобным і трэба быць.
Таму што ў творчым калектыве спробу заставацца толькі адміністратарам не ўспрымуць.
Прыходзіцца быць і Карбасам–Барабасам і кім заўгодна.
У дзяцінстве мене называлі Салаўём, ад таго, што голас маю, як кажуць, някепскі.
Тут хіба ніякай акрэсленай мянушкі няма, а каб і была, тоя б не пакрыўдзіўся.
-Тэатр у невялікім горадзе – справа ўнікальная. Ці уплывае факт наяўнасці тэатра на жыцце горада?
– Думаю, што так. Бо у невялікім гарадку тэатр – гэта не толькі тая установа культуры, якая займаецца прапагандай драматургіі і пастаноўкай спектакляў.
Мы пастаянныя ўдзельнікі грамадзкага жыцця горада – амаль усе імпрэзы, каторыя ладзяцца ў Слоніме, так ці інакш завязаны на нас.
То вядоўца нехта з нашых артыстаў, то фрагмент са спектакля на гарадскім свяце паказваем, то частку “капусніка” адмыслова пад мерапрыемства падбіраем, нас не толькі ў сценах тэатра можна пабачыць.
А наконт унікальнасці з’явы рэгіанальнага тэатра – тут вы маеце рацыю.
Горад мае усяго 50 тысяч насельніцтва і тут ёсць прафесійны тэатр – гэта толькі у нас стала магчыма, толькі ў Слоніме.
Напэўна, гэта гістарычна абумоўлена, напрыклад, існаваннем тэатра Агінскага яшчэ ў 18 стагоддзі, шэрагам тэатральных гурткоў ў 19 стагоддзі, пазней у паваенны час дзейнасцю такіх асобаў, як Фрыдман і Бялоў, тых, хто аднаўляў і актывізаваў тэатральную дзейнасць у горадзе.
Прафесійны тэатр у Слоніме найперш звязаны з Мікалаем Фёдаравічам Варвашэвічам. Гэта ён тут стварыў выдатны самадзейны калектыў, каторы дарос да прафесійнага. І ў гэтым годзе наш тэатр адзначае 25-ці годззе.
– У чым складанасці працы рэгіянальнага тэатра?
– Першая складанасць – гэта тое, што такія тэатры па-просту вырачаныя на выязную дзейнасць. На стацыянарнай сцэне ў горадзе з такім нешматлікім насельніцтвам мы не заробім. А грошы нам патрэбныя, бо акрамя зарплаты і камунальных плацяжоў, каторыя пакрываюцца з бюджэта, усе астатнія расходы мы аплочваем самастойна.
І гэта зусім не малыя грошы, бо выяжджаем ва ўсе раёны Гродзенскай вобласці і ў палову раёнаў Брэсцкай.
То бок і камандзіроўкі, і арэнда памяшканняў, і бензіны-саляры, і рэмонты аўтамабіляў і яшчэ шмат чаго. Такая вось наша доля. Ад яе нікуды не сыйсці.
І ў прынцыпе, калі Слонімскі тэатр як прафесійны ствараўся, то яму такая задача і ставілася – працаваць на выездзе.
Сёння у нас каля 60-70% – гэта выязныя спектаклі і толькі невялікую частку часу працуем на стацыянарнай сцэне.
З іншага боку, калі мы перайшлі ў вось гэты новы будынак, у нас значна дабавілася гледачоў на стацыянары. Бо умовы добра палепшыліся, і для нас і для гледачоў.
Мы шыкоўную асвятляльную тэхніку набылі, добрае абсталяване для гукавога афармлення. У параўнанні з тым, што мы мелі раней гэта неба і зямля, таму глядач да нас ідзе.
– Дзе акрамя Слоніма даводзіцца працаваць, дзе ведаюць пра Слонімскі тэатр?
– Гэта ўся Гродненская вобласць. Можаце пацікавіцца ў любым райцэнтры і вам скажуць, што так, Слонімскі тэатр да нас прыяжджае.
Таксама Брэсцкая вобласць – Ружаны, Пружаны, Івацэвічы, Баранавічы, Бяроза, Ляхавічы.
Раней яшчэ і глыбей “ныралі”, аж да Пінска і Кобрына, але не так даўно ў Пінску адчыніўся свой прафесійны тэатр, і зараз гэта ўжо больш іх зона дзейнасці.
Мы не замінаем адзін аднаму папросту. Ім сюды далекавата дабірацца, то мы колькі можам ахопліваем, а там ўжо яны працуюць.
У Мінску мы таксама бываем. Праўда, не так часта, і часцей за ўсё гэта школы – для старэйшых і сярэдняга ўзросту школьнікаў спектаклі ладзім.
У Дзяржынску былі, ў Стаўбцах. Зараз у той бок таксама менш ездзім, далекавата. А гэта значыць – дадатковая фінансавая нагрузка…
З такой самай нагоды на Гарадзеншчыне мы больш не наведваем Смаргонь, Ашмяны і Астравец.
Бо калі ехаць на адзін дзень, то многа не заробіш, а калі трэба будзе яшчэ і ночыць, то не заробіш тым больш – гатэлі каштуюць дорага.
– Ці ёсць нейкія фестывалі, ці іншыя мерапрыемствы, у якіх бярэ ўдзел Слонімскі тэатр?
– На жаль, апошнім часам фэстывалі праводзяцца толькі для буйных тэатраў.
Тэатры з невялікіх гарадоў – Слоніма, Пінска, Мазыра, Маладзечна засталіся па-за ўвагай.
І мы ўжо падымалі ў Міністэрстве культуры пытанне наконт таго, каб праводзіць адмысловыя фестывалі для такіх вось малых тэатраў, каб мы маглі на ўласныя вочы пабачыць, што ў тэатральным жыцці адбываецца.
Бо мы ведаем, з большага, толькі кожны сваё.
Ну патэлім яшчэ час ад часу, нейкую інфармацыя маем, але ж гэтага недастаткова: творчаму чалавеку трэба на ўласныя вочы пабачыць і акторскія працы, і рэжысёрскія…
А мы апошні раз былі на фестывалі ў Бабруйску, і гэта было ў 2001 годзе. Прыехалі з дыпломам. І хаця не скажу, што мы там былі найлепшымі, але ж не ішла гаворка пра тое, што малыя тэатры не вартыя запрашэння да ўдзелу ў фестывалях.
Я ўпэўнены, што у нас добры прафесійны ўзровень, і магу пра гэта казаць шчыра і адкрыта, бо чую водгукі і ад менчукоў, каторыя ў Слонім да сваякоў ў госці прыяжджаюць, і ад тых самых масквічоў ці піцерцаў, што на дзіва прыемнае ўражанне робіць на іх наш тэатр. У кнізе водгукаў шмат такіх запісаў.
– Якія творчыя планы хацелася б здзейсніць у будучыні?
– Найперш, у гэтым годзе мы плануем правесці абменныя гастролі.
Для пачатку з Пінскім тэатрам, потым і з Гродненскім абласным драматычным.
Такая практыка ўжо ў нас была раней, напрыклад, мы ў Гродна ў лялечным тэатры выступалі, два дні гастралявалі, па два дарослых і два дзіцячых спектаклі вазілі, і лялечнікі да нас таксама завітвалі.
Проста з клопатамі пра новы будынак, рамонт, трохі тыя сувязі аслаблі, будзем аднаўляць. Маем надзею выехаць таксама і ў Польшчу.
У тыя раёны, дзе беларуская дыяспара складае немалую частку насельніцтва – на Беласточчыну, у Гайнаўку.
І хаця такія паездкі патрабуюць шмат працы па ўзгадненню і шмат фінансавых ўкладанняў, мы ад гэтай ідэі не адмаўляемся, і спадзяюся, зрэалізуем і пакажам там нашу нацыанальную беларускую драматургію.
– Што б вы хацелі пажадаць тэатру і яго супрацоўнікам напярэдадні юбілея?
Галоўнае – жыць! Быць здаровымі і верыць ў тое, што наш тэатр будзе і надалей запатрабаваным. Больш і не трэба нічога.
Фота Ірыны Новік і Леаніда Шчаглова