“Нёман”-2015: прэм’ера

|

Паглядзець на абноўлены “Нёман” прыйшло каля паўтары тысячы заўзятарамў. Вядома ж, усе чакалі перамогі ад каманды Саладоўнікава, бо два папярэднія гады ўдала складваліся для “жоўта-зялёных” у барацьбе з барысаўскай камандай.

 

Але першы тайм паказаў, што “Нёман” спадзяецца на цуд кшталту таго, які адбыўся два гады таму, калі каманда выбіла грозны БАТЭ з Кубку Беларусі.

 

На жаль, цудаў не адбылося. Ужо ў пачатку другога тайма Васiлючэк вымаў мяч з брамы.

 

“Прафесар” Віталь Радзівонаў (на здымку вішэй) “размачыў” лік у матчы.

 

Нават пасля прапушчанага гола “Нёман” не пайшоў наперад. Гарадзенская каманда нават не магла падысці да штрафной Сяргея Чэрніка, які, напэўна, змерз за матч.

 

Праз 7 хвілін пасля першага гола барысаўчане павялічваюць сваю перавагу, зрабіўшы 2:0. На гэты раз вызначыўся Гардзейчук.

 

Шансы на выхад у паўфінал у гарадзенскай каманды гарэлі сінім полымем на вачах у заўзятараў.

 

Людзі, якія прыйшлі на стадыён, не бачылі абяцанай гульні ад каманды Саладоўнікава.

 

Хачатуран, які гуляў на пазіцыі адзінага нападніка, нічога не мог зрабіць наперадзе.  У выніку трэнер рашыўся рызыкнуць і кінуў у бой пад “танкі” моладзь (Бомбеля, Забеліна і Журневiча).

 

Са з’яўленнем свежых байцоў гульня стала змяняцца.

 

І ўжо на 80-й хвіліне гарадзенцы арганізавалі першы ўдар па чужой браме за два кубкавыя матчы.

 

А на 82-й хвіліне пасля падачы вуглавога ўдалося і гол забіць. Аўтарам першага гола ў афіцыйных матчах новага сезону стаў Забелін.

 

Падапечныя Саладоўнікава пайшлі наперад, спрабуючы развіць поспех, але на большае сілаў не хапіла. 

 

У складзе нашай каманды можна вылучыць хіба што толькі капітана – Сяргея Сасноўскага, які ў гэтым матчы выклаўся на ўсе 100%.

 

Па суме двух гульняў (1:0 і 2:1) у паўфінал Кубка краіны выйшаў БАТЭ.

 

На прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў падсумаваў вынікі гульні:

 

– Віншую БАТЭ з выхадам у наступны раўнд. У мінулым годзе ўдача ўсміхнулася нам, сёння – суперніку.

 

Гэта кубкавая гульня, дзе ёсць свая стратэгія. Першы тайм згулялі строга ў абароне. У другім спрабавалі дзейнічаць больш агрэсіўна.

 

Гэтым і скарыстаўся БАТЭ. Пасля лiка 2:0 выпусцілі шмат маладых футбалістаў і сталі гуляць.

 

У першым тайме каманда выглядала скаванай, а вось другі мне спадабаўся.

 

Адчуваецца, што каманда яшчэ сырая, але ёсць шмат станоўчага. Ад гэтага і будзем адштурхоўвацца і рыхтавацца да чэмпіянату.

 

У першым туры чэмпіянату 11 красавіка “Нёман” будзе прымаць срэбнага чэмпіёна леташняга першынства – мінскае “Дынама”.

 

Фота Волі Трафімовіч, fcneman.by