Месца, дзе вырастаюць таленты: Павал Савіцкі
Мы распачынаем цыкл матэрыялаў пра тое, якім быў шлях ад маленькіх дваровых пляцовак у Гродне да вялікіх еўрапейскіх стадыёнаў вядомых гарадзенскіх футбалістаў.
Гарадзенская школа №18 яшчэ літаральна сем гадоў таму мела дзве футбольныя пляцоўкі.
Мала хто ведае, што менавіта на іх нараджаліся футбольныя таленты, пра якія зараз ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Павал Савіцкі з’яўляецца сёння самым вядомым маладым беларускім футбалістам.
Ён прайшоў шлях ад юнацкіх зборных да нацыянальнай каманды, а зараз бароніць гонар беластоцкай “Ягелоніі”.
У раннім узросце, акрамя асноўных трэніровак у «Белкардзе», Павал не забываў пра сваіх дваровых сяброў і часцяком выходзіў гуляць на школьны стадыён.
І не сказаць, што ўзровень гульні Савіцкага моцна адрозніваўся ад іншых. Справа ў тым, што Паша меў аўтарытэт спарцмена, і калі ішоў падзел на каманды, яго заўсёды выбіралі першым.
– Запомніўся мне Сава сваім гарматным ударам з левай нагі – як ударыць, так ударыць!
Заўсёды было прыемна гуляць з такім хлопцам, які не толькі ствараў пагрозу каля брамы суперніка, але і паспяваў адпрацоўваць на сваёй палове.
Паха быў лідэрам усюды, нават у школе старшакласнікі яго паважалі. Акрамя трэніровак і дваровага футбола, Сава паспяваў гуляць і за нашу школу – распавядае адзін з сяброў Савіцкага.
Дом на вул. Рэйманта, дзе жывуць бацькі гарадзенскага паўабаронцы
Як распавядае сам Павал, то часцяком яму прыходзілася гуляць за свой двор.
У свой час раён вул. Рэйманта вёў святую вайну супраць хлопцаў з вул. Пушкіна.
Гульні на школьных стадыёнах праходзілі сур’ёзныя і паглядзець на супрацьстаянне двух вуліц прыходзіла вялікая колькасць людзей.
– Я, як і ўсе хлопцы, гуляў у футбол з самага дзяцінства!
Адразу ж пасля трэніроўкі бег яшчэ гуляць, бо на школьным стадыёне гулялі мае сябры, трэба было і іх падтрымаць.
Збіраліся каля школы а чацвёртай гадзіне, а ўжо а пятай уся “банда” была ў зборы.
Там дзяліліся на каманды і гулялі! Было столькі людзей, што нават з заменамі гулялі.
Помняцца добра мне матчы супраць Пушкіна, як “ніжняга”, так і “верхняга”, увесь час секліся з імі. Было весела
Павал Савіцкі пасля заканчэння школы
– Што мне даў дваровы футбол? Напэўна, больш гульнявой практыкі і вынослівасці.
На мой погляд, гэта тое, чаго не хапае маладым хлопцам на першых этапах кар’еры.
На будучыню хацелася б параіць маладым хлопцам у дварах, якія гуляюць у футбол – не займайцicя глупствам, а больш гуляйце і аддавайцеся цалкам спорту.
Павал і дагэтуль падтрымлівае сувязі з хлопцамі са свайго двара.
А на славутай пляцоўцы каля 18-й школы шліфуюць свае таленты новыя будучыя зорачкі гарадзенскага футболу.
Працяг будзе.