“Нёман” на старце юбілейнага чэмпіянату: чаго чакаць?
Уладзімір Кульбіцкі, анлайн-аглядальнік “Прессбола”
align=”left” width=”162″ height=”169″ >Кожны футбольны сезон у Беларусі для мяне асабіста – гэта атракцыён няздзейсненых жаданняў. Магчыма, патрабаванні занадта завышаныя, але хочацца ад футбола большага драйву, адчування свята. Два гады таму гульня каманды з агеньчыкам у вачах трошкі нівеліравала гэты недахоп шоу.
Але гэта такое ўнутраннае чаканне і расчараванне. Што тычыцца выступу гарадзенскай каманды – тут шмат чаго не чакаю ў плане выніку. Гэта і зразумела: склад кардынальна змяніўся, каманда камплектуецца на хаду, цягнуцца “хвасты” фінансавых праблем.
Хачу ўбачыць тое, пра што часта кажа галоўны трэнер на прэс-канферэнцыях і ў інтэрв’ю – каманду, якая б’ецца. За сябе, за горад, за балельшчыкаў. Тады, я думаю, ні ў каго не будзе лішніх пытанняў. А на трыбуны зноў пацягнуцца людзі.
Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік “Вечернего Гродно”
Мне вельмі хочацца, каб гэты сезон адчыніў дзверы для моладзі клуба. Каб хлопцы дэбютавалі ў чэмпіянаце без траўмаў і сур’езных памылак. Асабіста буду заўзець за Васілючыка, упэўнены, што гэты хлопец далека пойдзе.
Думаю, прэтэндаваць на высокія месцы “Нёману” будзе складана, таму для мяне будзе гонарам, калі хлопцы будуць пакідаць усе сілы на полі і будуць біцца да апошняга, хоць і саступаць саперніку ў классе.
Таксама спадзяюся і чакаю, што у “Нёмане” з’явіцца новы, малады галоўны трэнер, які ведае, як працаваць з моладздзю.
Ігар Петрулевіч, журналіст спартыўнага сайта “Трыбуна”
Калі шчыра, я да гэтага часу не магу забыць мінулы сезон, ён быў жудасны. За адзін год “Нёман” страціў усё, што назапашваў доўгія гады. 2013-ы, лічу, быў перыядам росквіту. 2014-ы стаў правальным, вядома, адбылася адсутнасць грошаў.
Гэта і абумовіла тое, што ў міжсезонне каманда разбеглася. З болем сачыў за трансфернымі навінамі з Гродна. На жаль, у камандзе цяпер няма Дзмітрыя Раўнейкі, Максіма Вітуса і Сяргея Лявіцкага. А гэта прадстаўнікі Гродна і Гарадзенскай вобласці. Вельмі дзіўна “Нёман” робіць стаўку на сваіх. Атрымліваецца, на сваіх і толькі на вельмі маладых.
Тым не менш, у клубе з’явіліся легіянеры. Склад сур’ёзна абнавіўся. Гэта ўсё выклікае сур’ёзныя перасцярогі, таму чаканнi ў мяне вельмі хвалюючыя.
Думаю, “Нёман” не зможа стаць страхам для аўтарытэтаў, але і не вылеціць з Вышэйшай лігі. Праблемы адчуваюць клубы па ўсёй краіне. Паглядзім, як з імі справіцца Гродна.
Павел Кулік, адміністратар групы ФК Нёман Укантакце
Ад новага сезону, у адрозненні ад папярэдніх, я не чакаю нейкага прарыву ў выніках. Па зразумелых прычынах склад нашай каманды вельмі моцна змяніўся ў бок амаладжэння. Гэта быў вымушаны крок з мэтай эканоміі грашовых сродкаў.
На нядаўняй сустрэчы з заўзятарамі кіраўніцтва клуба заявіла, што зарплатны фонд быў паніжаны ў два разы. Гэта аўтаматычна азначае, што ніякіх зорных навічкоў у камандзе чакаць не прыйшлося.
Сярод тых, хто папоўніў нашу каманду, я б адзначыў новага капітана Сяргея Сасноўскага, а таксама апорніка Таіна Адама Сора і паўабаронцу Пола Ралана, які мае вопыт выступлення на Алімпійскіх Гульнях.
Таксама ўліваецца ў склад наша моладзь: месца ў браме ўпэўнена займае Улад Васілючак, а такія гульцы, як Аляксандр Пазняк і Яўген Ляшко таксама трывала занялі месцы ў асноўным складзе.
Падобныя праблемы адчуваюць практычна ўсе клубы Вышэйшай Лігі, за выключэннем трох прызнаных лідараў (БАТЭ, мінскага “Дынама” і “Шахцёра”). Склады каманд прыблізна параўняліся. На першы погляд здаецца, што толькі ў “Тарпеда-БелАЗ”, “Слуцка” і “Мінска” усё больш-менш стабільна. А вось такія клубы, як “Славія”, брэсцкае “Дынама”, “Гомель” і “Белшына” будуць весці барацьбу за выжыванне.
Таму справядлівым месцам “Нёмана” у гэтым сезоне я б назваў любое месца з 7-га па 10-е, якое наша каманда будзе дзяліць з роўнымі па класе “Віцебскам”, “Гранітам” і “Нафтанам”.
Нягледзячы на рознагалоссі ў заўзятарскім асяроддзі адносна схемы правядзення турніру і колькасці каманд у Вышэйшай Лізе, я ўсё ж з’яўляюся цвёрдым прыхільнікам яе павелічэння да 16 каманд, да чаго наш футбол ужо зрабіў першы крок пасля 5 сезонаў незразумелых хістанняў ад схемы да схемы.
Па-першае, павялічыцца геаграфічная разнастайнасць чэмпіянату, што важна для тых, хто наведвае выязныя матчы сваіх каманд. Па-другое, дзяленне на шасцёркі, а таксама чэмпіянат у тры кругі я лічу парушэннем спартыўнага прынцыпу.
Глядзіце самі: у мінулым сезоне “Мінск” заняў 7-е месца і набраў больш ачкоў, чым салігорскі “Шахцёр”, які стаў у выніку 3-м. Хто з іх быў мацнейшы на момант заканчэння чэмпіянату? Ніхто гэтага ўжо не даведаецца. А чаму “Гомель”, які прайграў на другім этапе 8 з 10 матчаў адчуваў сябе ў поўнай бяспецы ад вылету?
Таму вяртанне да класічнай схемы, а таксама аднаўленне двухматчавага супрацьстаянняў на ўсіх стадыях Кубка Беларусі я лічу правільным крокам па папулярызацыі футбола.
Я з нецярпеннем чакаю старту новага чэмпіянату Беларусі. Буду наведваць усе хатнія матчы гарадзенскага “Нёмана” і, па магчымасці, выязджаць на гасцявыя паядынкі.
Раман Алешка, спартыўны аглядальнік s13.ru
Новы сезон – гэта заўсёды новыя цяжкасці. Крызіс балюча ўдарыў па ўсіх клубах. Паколькі сур’ёзныя задачы “Нёману” вырашаць не пад сілу – трэба рабіць стаўку на моладзь.
Вельмі хочацца, каб родны клуб стабільна гадаваў свае кадры.
Ёсць надзея, што прыход новага старшыні клуба зменіць і палітыку ў дачыненні да кантрактаў гульцоў. Бо мы адпусцілі бясплатна шэраг футбалістаў, за пераходы якіх можна было атрымаць грошы.
Сяргей Гаўрыцкi, спартыўны аглядальнік “Гродзенскай Праўды”
“Нёман” у гэтым сезоне тая каманда, за якую хочацца заўзець. Не ў плане вялікіх перамог – іх пакуль не чакаем – а ў плане перспектыў і спадзяванняў, што “Нёман-2002” калі-небудзь у Гродне будзе паўтораны.
Няма вялікіх грошаў, няма “касмічных” задач, няма грузу адказнасці – значыць, можна атрымліваць асалоду ад гульнi, гуляць самім і даваць гуляць суперніку.
Паказваць гледачу той футбол, пра які мы чулі ад галоўнага трэнера ўвесь мінулы сезон, футбол, які падабаецца заўзятару, які прыемна глядзець.
Вітаўт Руднік, журналіст, аўтар кніг па гісторыі футбола
Спадзяюся, што гэты сезон дазволіць закласці падмуркі новага “Нёмана”, які праз год-два зможа змагацца за высокія месцы ў чэмпіянаце.
У гэтым жа сезоне каманда будзе балансаваць паміж 6 і 10 месцамі. Найбольшыя праблемы бачу ў лініі атакі, але іх можна кампенсаваць за кошт прыстойнай, па беларускіх мерках, сярэдняй лініі.
Спадзяюся, што сёлета працягнуць прагрэсаваць Лягчылін, Пазняк, Васілючык, Забелін i іншыя маладыя хлопцы.
Хацелася б, каб на трыбунах збіралася больш людзей, але для гэтага трэба і ўзровень гульні паляпшаць, і сервіс удасканальваць, і змяняць стаўленне міліцыі да заўзятараў. Хацелася б бачыць таксама ў Гродне гульні нацыянальных каманд, хаця б маладзёжнай ці юнацкіх, дзе гуляюць і гарадзенцы.