“Нёман”: ёсць першае ачко ў чэмпіянаце!

|

Разам з новым сезонам прыйшло і сапраўды добрае надвор’е.

 

Гэтыя фактары паўплывалі і на наведвальнасць матчу. Блізу стадыёна панавала сапраўднае футбольнае свята, якога даўно не было ў нас у горадзе.

 

Вуліцы побач са стадыёнам былі запоўненыя людзьмі, якія хацелі наведаць першую гульню гарадзенскай каманды.

 

Вольны ўваход для жанчын і дзяцей гэтак жа сыграў сваё – добрая тысяча «халяўшчыкаў» была адназначна.

 

Па традыцыі сезон адкрывалі ўзняццем сцяга і гучаннем гімна ў выкананні аркестра.

 

Перад стартавым свістком ушанавалі памяць вядомага гарадзенскага футбаліста Валерыя Антонавіча Навіцкага, які 7 красавіка памёр на 71 годзе жыцця.

 

Пасля хвіліны маўчання суддзя свістком распачаў новы футбольны сезон у Гродне.

 

Дарэчы, сустрэча пачалася ў 13:00 і стала, як пагаворваюць спецыялісты, ці не самай ранняй па часе пачатку гульнёй за ўсю гісторыю гарадзенскага стадыёна.

 

Старт матчу застаўся за мінчанамі, але ўжо да 15 хвіліны гарадзенцы выраўнялі гульню і сталі патроху пагражаць браме Хамутоўскага.

 

А ўжо на 22 хвіліне матчу Бомбель адкрывае лік, забіўшы першы гол у сезоне для гарадзенскай каманды.

 

Стадыён ператвараецца ў адно цэлае і скандуе «Нёман»!.

 

Вельмі даўно не было такой атмасферы на стадыёне, мабыць, гарадзенскім гульцам гэта вельмі спадабалася.

 

Пасля ўзяцця варот яны не аселі ў сваёй штрафной, як гэта рабілі ў папярэдніх матчах, а далей сталі ісці наперад.

 

Лягчылiн меў добры шанец падвоіць перавагу сваёй каманды, але, на жаль, у свой дзень нараджэння Аляксей застаўся без гола.

 

А лiк гульні не змяніўся да перапынку.

 

Другі тайм пачаўся для каманд спакойна. “Нёман” кантраляваў сітуацыю, наперад не ішоў, гуляў ад абароны.

 

Але на 56 хвіліне дынамаўцы здолелі параўняць лік намаганнямі Удоджы.

 

Пасля гэтага госці адчулі, што могуць больш і пайшлі вялікімі сіламі наперад.

 

Бела-сінія маглі выйсці наперад на 68 хвіліне, калі мяч няўдала адскочыў ад Васiлючыка, але супернік прамахнуўся.

 

На 72 хвіліне матчу Саладоўнікаў бярэцца за старое і выпускае Андрэя Горбача ў нападзенне (пры гэтым на замене знаходзіліся два форварды – Кавалёнак і Журневiч).

 

Нагадаем, што некалькі гадоў таму Горбача спрабавалі ў нападзенні, што давала часам пэўны поспех.

 

Ужо на прэс-канферэнцыі Сяргей Вітальевіч сказаў: «мы будзем спрабаваць розныя варыянты».

 

Магчыма, пасля замены каманда і грала на ўтрыманне лiку, а Горбач, як універсал мог у абароне адыграць, і наперадзе вастрыню ствараць.

 

Ужо ў канцы матчу “Дынама” магло выйсці наперад, але Фаiч прамахваецца і гэта ратуе “Нёман” ад паразы.

 

Ужо ў дададзены час, Саладоўнікаў выпускае на поспех Кавалёнка, які адразу ж кінуўся ў бой.

 

Усё, што мог зрабіць Дзіма за тры хвіліны, дык гэта пазмагацца тры разы на другім паверсе.

 

Футбольны сезон у Гродне стартаваў і “Нёман” зарабіў у ім першае ачко.

11 красавіка. “Нёман” – “Дынама”, Мінск 1-1

 

На здымку ўверсе: Сяргей Саладоўнікаў  – ёсць першае ачко!

 

Фота Таццяны Каліневіч