Месца, дзе вырастаюць таленты: Яраслаў Яроцкі
Мінулым разам мы распавялі пра месца, дзе ў свой час гуляў у футбол Павел Савіцкі. Зараз жа прапануем аповед яшчэ пра аднаго гарадзенца.
Яго прозвішча яшчэ не на слыху, але гэта пытанне часу.
Наш аповяд будзе пра Яраслава Яроцкага.
Як і Савіцкі, ён таксама пачынаў гуляць у футбол у дварах і на стадыёнах вуліцы Пушкіна.
Яраслаў трэніраваўся ў гарадзенскім СДЮШАР, а пасля быў заўважаны мінскімі скаўтамі і запрошаны ў сталіцу.
Гарадзенскі выхаванец прайшоў ад дзіцячай школы да “дубля” мінскага “Дынама” і зараз можа пахваліцца як гульнямі за аснову сталічнай каманды, так і выступам за моладзевую зборную Беларусі.
Месца, дзе Яраслаў правёў сваё дзяцінства
– Я лічу, што Яраслаў прабіўся ў вялікі футбол за кошт характару і працавітасці. – распавядае сябар дзяцінства Алег.
– Мы ўсё дзяцінства праводзілі з мячом. У школе на перапынках ён цягнуў мяне ці ў залу, або на вуліцу паганяць мяч.
У доме, дзе мы жылі, на калідоры, напэўна, даставалі ўсіх суседзяў са сваім мячыкам.
У Яраслава была мара – выбіцца ў вялікі футбол, як гэта зрабiў Аляксандр Глеб.
Мы часта школу прагульвалі, каб схадзіць на дзве трэніроўкі.
А ўвечары пасля трэніроўкі, заставаліся глядзець, як старэйшыя трэніруюцца, можна сказаць – начавалі на полі.
Памятаю, быў выпадак, калі Ярык захварэў, была вялікая тэмпература. І ён сказаў маме, што прыхварэў і няма сіл ісці ў школу. Мама сказала – значыць і на трэніроўку не пойдзеш.
Яраслаў моўчкі пайшоў сабраўся і мы пайшлі ў школу, а пасля школы на футбол.
Ён ніколі не прапускаў трэніроўкі, а я тым часам заўсёды браў прыклад з яго, ён мне быў як братам.
Юны Яраслаў на старонках адной з гарадзенскіх газет
А вось што распавядае сам Яраслаў:
– Я да гэтага часу памятаю, як мы гулялі на пясчаным полі каля 18 школы, дзе я раней вучыўся.
Бегалі кожны дзень з раніцы да вечара, часам прагульвалі урокі, каб пагуляць у футбол.
Памятаю, як гулялі са “старшакамi” з суседняга раёна, гэты час запомніўся мне назаўсёды.
Менавіта на гэтым полі мяне паклікаў трэніравацца трэнер Руслан Віктаравіч Сакута.
Быў час калi cтарэйшыя вучылі мяне бiць уздымам, калі я не ўмеў.
На будучыню дзеткам хацеў бы сказаць, каб больш працавалі над сабой індывідуальна, гэта дапамагае …
На гэтым нашы гісторыі не сканчаюцца – працяг будзе …