Галерэя “Крыга” запрашае на сустрэчу з аўтарам кнігі “Шэптам” Віталём Воранавым

|

Кніга апавяданняў “Шэптам” інспіраваная паганскай традыцыяй, народнай медыцынай і шаптунствам беларускага Палесся і Падляшша. Зборнік 18 тэкстаў заснаваны на матар’ялах сабраных падчас экспедыцыі па рэгіёне беларуска-польскага памежжа. Кніга выйшла па-беларуску і ў перакладзе Манікі Уранэк на польскую мову. Ілюстрацыі выканаў беларускі мастак Уладзімір Блюднік.

Віталь Воранаў — беларускі літаратар, выдавец, перакладчык і публіцыст. Нарадзіўся ў 1983 годзе. Вучыўся ў школе № 2 у Глыбокім (1991—1995). У 1996 разам з бацькамі эміграваў у Польшчу. Атрымаў сярэднюю адукацыю і дыплом у Першым прыватным ліцэі ў Познані (1999—2003). Вучыўся ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані і ўніверсітэце Масарыка ў Брне. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані. Заснавальнік выдавецтва “Белы крумкач”. Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу “Паэтычныя Сшыткі” (Гнезна, Польшча), у якім у 2013 годзе выйшаў зборнік апавяданняў “Wielkie Księstwo Białoruś” (Вялікае княства Беларусь). Кніга “Шэптам” — дэбютная кніга прозы аўтара.

 

“У адным глянцавым часопісе Надзея вычытала, што, каб нехта па ёй сох, трэба з-пад яго слядоў узяць горстку зямлі і кінуць у паветра. Паколькі адпаведнага для сябе хлопца яна так і не дачакалася, Надзея вырашыла здацца на мудрасць лёсу. Слядоў яна пастанавіла шукаць там, дзе іх звычайна багата — на беразе ракі. Выбраўшы найбольш адпаведны след, дзяўчына зрабіла, як у інструкцыі — падняла жменю і сыпнула ўгару. Чаго Надзея не магла прадбачыць, дык гэта таго, што след над ракою пакінуў тапелец Васька, хлопец з другога канца вёскі, які за некалькі гадзін да яе прыходу ўтапіўся ў рачным віры…