Сустрэча з БАТЭ: “Нёман” біўся, але прайграў

Як не дзіўна, але матч чацвёртага тура ў Гродне, наведала вялікая колькасць людзей. Напэўна, заўзятары прыйшлі  чарговы раз паглядзець на чэмпіёна краіны, а не падтрымаць родную каманду. А калі забегчы наперад, то варта сказаць, што ўсе тыя, хто наведаў матч, яшчэ доўга стаялі на стадыёне і скандавалі: “Дзякуй, Нёман!”. Сённяшнюю гульню будуць памятаць, напэўна, доўга. “Нёман” у гэты вечар на роўных біўся з чэмпіёнам і ніяк не заслугоўваў паразы.

 

У стартавым складзе гродзенцаў не выйшлі такія лідары, як Хачатуран і Дзянісевіч. Замест іх наперадзе бегалі маладыя Журневiч і Бомбель. Варта сказаць, хлопцы цалкам аддаваліся гульні, было на што паглядзець.

 

Пачатак матчу застаўся за барысаўчанамі, але ўжо да сярэдзіны першага тайма, гродзенцы выраўнавалі гульню і паступова перайшлі ў цэнтр поля. У канцы першай паловы матчу, па незразумелых прычынах, Сяргей Саладоўнікаў мяняе актыўнага Журневiча на Хачатуряна. Вось і ўсё, што можна сказаць па першай частцы матчу.

 


 

Другія 45 хвілін “Нёман” выглядаў зусім інакш. Акрамя добрай абароны, каманда спрабавала і абвастраць сітуацыі каля брамы Сяргея Чэрніка. Напэўна, самы небяспечны момант у матчы быў у Артура Бомбеля. Але, на жаль, нападаючы гродзенскай каманды, не перайграў дасведчанага Чэрнiка, і “Нёман” зарабіў толькі вуглавы.

 

Барысаўчане ў другой палове матчу, таксама дадалі і сталі больш пагражаць варотам Васiлючэка. Усё было б добра, калі б на 93 хвіліне суддзя не ўгледзеў рукі ў Забеліна. Але  стандарт быў прызначаны каля штрафной гродзенскай каманды. Да мяча падышоў майстар штрафных удараў Стасевіч. Усе чакалі нічыю, але БАТЭ не дараваў гродзенцам і рэалізаваў свой штрафной.

 

Ужо пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў падзякаваў камандзе і сказаў: “Складана каментаваць такі матч. Вядома, у нас няма ніякіх прэтэнзій да футбольнага клубу БАТЭ, да хлопцаў, да кіраўніцтва. Мы ведаем іх прынцыпы, але тое, што зрабіў гэтым свістком Лаўскі (суддзя – рэд.), мне проста незразумела. Няхай зойдзе ў распранальню і паглядзіць – хлопцы 1994-1996 гадоў нараджэння гулялі, а цяпер проста плачуць.

 

Ён хоць раз атрымліваў па нагах, ён хоць раз адчуваў, што робіцца ў душы ў футбаліста? Такія свісткі нельга рабіць на 94 хвіліне. Трэба паважаць заўзятараў, трэба паважаць каманду. Там было тысячу момантаў, дзе ён мог што заўгодна выдумаць.

 

Удзячны хлопцам за сённяшнюю гульню, мы зрабілі высновы пасля “Белшыны”. Ёсць над чым працаваць, але за характар ​​дзякуй хлопцам”.

 

Пасля чатырох тураў, гродзенскі “Нёман” размясціўся на 12 радку з двума ачкамі ў актыве.