Чый прывід жыве ў галерэі “Тызенгаўз”?
У падвальным памяшканні старадаўняга будынка крывой афіцыны па плошчы Тызенгаўза, 4 ужо 20 год працуе галерэя “Тызенгаўз”. У 1995 годзе з забытага ўсімі склепа гродзенскі бізнесовец Аляксандр Радлiнскi стварыў мастацкую галерэю і пры творчай падтрымцы вядомага гродзенскага мастака Аляксандра Ларыёнава яны вялі там справы да 2000 года.
“У 2000 годзе гаспадыняй галерэі стала Галіна Канстанцінаўна Сарока, мая цётка, і вось ужо 15 год я працую ў гэтай галерэі”, – расказвае Вольга Бабінская.
“Нашы наведвальнікі заўсёды адзначалі нейкую душэўную атмасферу ў галерэі, мы часта чулі словы, што з такога выдатнага месца не хочацца сыходзіць. Але мы з Галінай Канстанцінаўнай заўсёды лічылі, што акрамя харызмы гэта памяшканне валодае яшчэ і звышнатуральнымі схільнасцямі.
Напрыклад, часам у нас само па сабе запальваецца святло, а часам само згасае. Часта жартуем, што калі чалавек хлусіць, то святло пачынае міргаць і выводзіць яго на чыстую ваду. Але самы цікавы выпадак адбыўся ў нас шмат гадоў таму. Да нас зазірнула гродзенскі фатограф Таццяна Прыстаўка і ўразілася маляўнічай прыгажосцю цаглянага мура ў праёме адкрытага акна. Паколькі акно ў склепе, то з яго відаць не вуліцу, а выкладзены старой цэглай праём, на якім гулялі прамяні заходзячага сонца, прасеянныя праз лістоту старога клёна, які расце ля ўваходу ў галерэю. Фатограф папрасіла дазволу зрабіць здымак акна, для прыгажосці яна паставіла туды стары падсвечнік і вазу з кветкай, сфатаграфавала гэта і развіталася.
Праз пару тыдняў яна прыйшла да нас узрушаная, выклала здымкі і сказала: “Паглядзіце, што атрымалася”. На цаглянай сцяне ў момант здымкі мазаіка сонечных блікаў склалася ў відавочны абрыс асобы прыгожай сумнай жанчыны. Твар падоўжаны, як на старадаўніх гравюрах, павекі апушчаны, на галаве нейкі старадаўні ўбор… Вядома, што будынак крывой афіцыны пабудаваны ў 70-80-ыя гады XVIII стагоддзя, але мне чамусьці здаецца, што гісторыя нашай жанчыны склалася тут значна раней, дзесьцi ў сярэднія вякі. І яшчэ мне здаецца, што яна ўдзячная нам за тое, што ўсе гэтыя гады мы беражэм і ратуем склеп і сам будынак ад патопаў і разбурэнняў, таму яна захоўвае нас у гэтай нялёгкай працы. І я спадзяюся, што так будзе і далей”.
Пасля займальнага аповяду Вольгі мы прайшліся па галерэі. Сапраўды, было пачуццё, што акрамя нас у склепе ёсць яшчэ нехта. Але котка, якая жыве побач з галерэяй, ніколі не паводзіла сябе так, быццам тут ёсць прывід. Як сцвярджаюць адмыслоўцы, коткі гэта тыя жывёлы, якія могуць бачыць і адчуваць з’явы з іншага свету.
Каб больш даведацца пра з’яўленні прывіда ў галерэі, мы вырашылі апытаць жыхароў гэтага дому. Але, падняўшыся вышэй, мы зразумелі, што мясцовых там не засталося: у колішніх кватэрах даўно размешчаны офісы.
Аднак нам удалося сустрэць чалавека, які расказаў, што яшчэ ў 1980-х жыў у гэтым будынку. Ён запэўніў, што пад галерэяй ёсць яшчэ адзін склеп, які вядзе пад цяперашнюю плошчу Леніна.
“Калі мы былі яшчэ школьнікамі, мы спускаліся ў гэтыя сутарэнні, яны былі адкрытыя. Шмат цікавага там адшукалі, а самай унікальнай знаходкай быў меч. Мы яго прадалі мясцовым калекцыянерам. З прывідамі сутыкацца не даводзілася. Але памятаю адзін момант як цяпер. Калі мы спускаліся ў падвалы, было вельмі жудасна, хадзілі з ліхтарыкамі, а ў адзін момант яны згаслі. Стала так страшна, што мы не ведалі куды ісці і што рабіць. Адбылося нешта неверагоднае, у канцы тунэля з’явілася святло, да якога мы і пабеглі. Я не ведаю, што гэта было, але гэта я запомніў на ўсё жыццё”, – расказаў былы жыхар дома.
Зараз у сутарэнні няма магчымасці зайсці, усе магчымыя ўваходы закладзеныя. Вольга, работнік галерэі, распавядае, што пасля дажджу вада дзіўным чынам хутка сыходзіць пад зямлю. А гэта значыць, што пошукі нашы працягваюцца.