Гарадзенскія фанаты пакінулі стадыён з-за дзеянняў міліцыі

Перад матчам з БАТЭ ў інтэрнэце з’явіўся зварот польскіх фанатаў:

 

«Дарагія браты! У Польшчы адбываюцца неспакойныя з’явы, звязаныя са злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі сілавых структур.

 

Людзі, якія будуць сачыць за фанатамі, не нясуць адказнасці за свае ўчынкі.

 

Трагічным эфектам ўсяго гэтага стала смерць Давіда Дзедзiца (Dawid Dziedzic) падчас матчу “Канкордыя” Кнурув – “Рух” Радзёнкув (Давід загінуў 2 траўня, калі гумовая куля патрапіла яму ў шыю – ТС).

 

Многія з Вас сочаць за нашым фанацкім рухам, але не ўсе ведаюць, як усё выглядае на самай справе.

 

Кожны выезд на гульні звязаны з правакацыямі, затрыманнямі, злоўжываннем з боку сілаў паліцыі.

 

З-за гэтага мы бездапаможныя, таму што ніхто за гэта не адказвае.

 

Таму велізарная просьба да ўсіх аматараў нашага руха і сяброў за мяжой: у бліжэйшыя выхадныя (9-10 мая) прынесці банеры, прысвечаныя забітаму фанату і асуджэннем дзеянняў польскай паліцыі».

 

Гарадзенскія фанаты перад гульнёй з БАТЭ вырашылі падтрымаць палякаў, але пры вырабе спецыяльнага банэра некалькі фанатаў было затрымана, бо яго малявалі  ў “недазволеным месцы”.

 

А ўжо на самім стадыёне, па чутках, было затрымана некалькі чалавек, якія прадстаўлялi жоўта-зялёны рух.

 

У выніку каля сотні фанатаў папросту сышлі з сектара.

 

Ці будуць байкатаваць фанаты наступныя матчы “Нёмана” мы даведаемся ў хуткім часе.