Фестываль славянскіх адзінаборстваў на адзін дзень прынес у Гродна “Русский мир”

| Без катэгорыі

На фестывалі сабраліся прадстаўнікі шматлікіх клубаў з Беларусі і Расіі, казакі з “Нёманскага казацтва”, якім кіруе галоўны арганізатар фэсту Уладзімір Адамаў (ён жа кіруе клубам славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”), казакі з іншых беларускіх гарадоў, моладзь з праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў, былі і больш класічныя рыцарскія клубы.

 

На фестываль прыехалі таксама кіраўнічка аддзялення “Россотрудничества” ў Брэсце Алена Маслава і Сяргей Лушч – кіраўнік моладзевай арганізацыі “Русь молодая”, якая прасоўвае ідэі адзінства Беларусі, Расіі і Украіны, бароніць рускую мову і руска-славянскую цывілізацыю. Актывісты “Румола” актыўна раздавалі чорна-аранжавыя стужкі, а прысутныя з вялікай ахвотай чаплялі іх на вопратку. Цікава, што афіцыйныя асобы замест георгіеўскіх стужак начапілі чырвона-зялёныя з кветкай яблыні. Але іх было ўсяго некалькі ў вялікім натоўпе.

 

Прысутныя маглі пабачыць выступы рэканструктараў, падлеткаў з праваслаўнага вайскова-патрыятычнага клуба “Славяне”, джыгітоўку ад казакоў з конна-спартыўнага клубу “Ермак” з Бабруйска, а таксама рэканструкцыю бою казакоў ў немцамі. Рэканструкцыя доўжылася менш за хвіліну, бо “немцы” нават не спрабавалі змагацца.

 

Цікава, што буйное мерапрыемства ахоўвалі ўсяго чатыры міліцыянты. Відаць, яны не сумняваліся, што казакі і так змогуць утрымаць парадак на сваім свяце.