Сучасныя харцэры: хто яны?

Горад у 1939 годзе абаранялі не толькі войскі, але і жыхары горада. Гэта тое, чаго не было ні ў якім іншым горадзе Заходняй Беларусі ў той час. Гэта тое, чаго не было ў Гродне пазней, у 1941 годзе.

 

Пра тых, хто праз гады адрадзіў і шануе памяць гарадзенскіх харцэраў нам расказала Аліна, прадстаўнічка гарадзенскіх харцэраў.

 

Хто ж яны сучасныя харцэры?

 

Сучасныя харцэры – добраахвотны недзяржаўны і непалітычны рух. Галоўная мэта харцэрства – грамадзянскае, духоўнае, інтэлектуальнае і фізiчнае развіццё моладзі. Працытуем статут Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Харцэрства”: “дапамога развіццю маладых людзей дзеля дасягнення іх поўнага інтэлектуальнага, грамадзкага і духоўнага патэнцыялу як індывідуумаў, як адказных грамадзян і як чальцоў мясцовых, нацыянальных і міжнародных супольнасцей”.


Што значыць слова “харцэр”?

 

Слова “харцэр” пайшло ад cлова “гарцоўнік” – так у Сярэднявеччы называлі рыцараў, якія першымі прымалі бой.


Чым харцэр адрозніваецца ад скаўта?

 

 

У харцэрстве вялікую ролю адыгрывае патрыятычнае выхаванне. У скаўцкім руху гэтага няма.


Калі ўзнікла харцэрства?

 

Харцэрства было створана ў 1910 годзе Анджэем Малькоўскім на тэрыторыі Польшчы.


Калі харцэрства з’явілася ў Беларусі?

 

У выніку савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў, Заходняя Беларусь апынулася паводле Рыжскай дамовы ў складзе Польшчы. Менавіта тады на тэрыторыю Беларусі трапляе харцэрства. Першы харцэрскі атрад арганізуецца ў 1921 у Клецкай гімназіі.

 


Ці можа харцэрства, запазычанае ў палякаў, выхаваць патрыётаў у Беларусі?

 

Асаблівасць харцэрства ў тым, што яно, будучы першапачаткова польскім рухам, нясе ў сабе нацыянальную асаблівасць. Гэта выцякае з Харцэрскіх Законаў – кожны харцэр абяцае выканаць свой абавязак перад Айчынай. Таму адказ – так, можа.


У якім узросьце можна стаць харцэрам?

 

Харцэрам можа стаць любая асоба, але пераважная большасьць чальцоў арганізацыі складае моладзь ад 7 да 17 год. У сувязі з такой розніцаю ва ўзросце арганізавана праца груп па ўзроставай прыкмеце. Існуюць тры асноўныя групы: Зухі (7-10 год), Харцэры (11-17 год), Старэйшыя харцэры ці вандроўнікі (ад 18 год).

 


Якую карысць вы прыносіце грамадству?

 

Харцэры з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі прагрэсіўных развіваючых праграм і розных грамадскіх праектаў. Напрыклад, экалагічныя акцыі (прыбіранне паркаў, пасадка дрэў), дабрачынныя акцыі (збор прадуктаў і адзення для людзей, якія жывуць у нястачы), канцэрты, дапамога касцёлам і цэрквам.


Вы ў асноўным займаецеся грамадскай дзейнасцю?

 

Не. Харцэрства – гэта лепшыя традыцыі турызму, намётавыя абозы, бівакі, вогнішчы, спевы, забавы экскурсіі і шмат чаго іншага.