Забытая гісторыя Гарадзеншчыны: пра знакамітага яўрэйскага футбаліста Пінхаса Малевіча расказвае яго сын

Ужо другі год я даследую гісторыю міжваеннага футболу ў Гродне. За гэты час знайшоў шмат цікавага. Але, калі пра польскі футбол можна было нешта знайсці, бо гараджане часам распавядаюць пра сваякоў, то пра яўрэйскі футбол у Гродне, на жаль, інфармацыю не знайсці. Гісторыя гэтага народу ў нас літаральна закапаная ў зямлі. Але калі доўга шукаць, то за штосьці ўрэшце можаш зачапіцца.

 

У 1938 годзе пад уплывам нацысцкай Германіі польскія функцыянеры паступова адмаўляліся ад удзелу яўрэйскіх каманд у нацыянальным чэмпіянаце па футболе. Многія спартсмены заставаліся без працы і шукалі дзе ўладкавацца. Хтосьці спрабаваў сябе ў іншай прафесіі, а хтосьці з’язджаў на іншы кантынент у пошуках лепшага жыцця. Наш герой абраў другі шлях.

 

Пiнхас Малевіч нарадзіўся ў 1904 годзе ў Гродне. Ён быў чацвёртым з васьмі дзяцей у сям’і. Малевічы жылі на Базарным завулку, 4, што знаходзіўся каля Рыбнага рынку. У польскі час вуліца называлася uliczka Rynkowa. У наш час гэты раён ужо перабудавалі, там зараз стаянка ля “Франсабанка” і крамы “Абухава”.

 

– Бацька вучыўся ў яўрэйскай школе ў Гродне. Калі пачалася Першая Сусветная вайна, царская ўлада дэпартавала гарадзенскіх яўрэяў: каго ў Мінск, каго ў Варонеж. Бацька распавядаў, то што цар баяўся здрады з боку заходніх яўрэяў. І вось сям’ю Малевіча саслалі ў Воронеж, дзе яны пражылі некалькі гадоў.

Бацькі Пiнхаса (Эліезер Шоламовiч і Малка Авраамаўна Малевіч), 1933 г.

 

Прыйшоў час вяртацца на Радзіму. Калі вярнуліся, Гродна быў ужо польскім горадам. Малевічы хутка адаптаваліся да новай улады і адкрылі сваю справу. Бацька стаў займацца спортам, пастаянна гуляў у футбол з сябрамі на вуліцы.

 

Пiнхас Малевіч, 1920 г.

 

Прыблізна ў 1922 годзе яўрэйская моладзь заснавала спартыўны клуб “Макабі”. Мой бацька, можна сказаць, быў заснавальнікам гэтага спартыўнага руху ў Гродне. Мясцовай яўрэйскай камандзе прыходзілася гуляць з іншымі камандамі, якiя прадстаўляюць Гродна. Нярэдка былі выезды і ў Беласток. У той час Пiнхас Малевіч быў вядомым гарадзенскім футбалістам.

 

Футбалісты гарадзенскага “Макабі”. Пiнхос Малевіч другі зправа, 1920 г.

 

Пасля кароткай кар’еры спартсмена, бацька стаў трэнерам “Макабі”. У 1930-х гадах яўрэйская каманда пад кіраўніцтвам Малевіча, дамаглася самых сур’ёзных вынікаў за час свайго існавання.

 

У 1938 пад ціскам нацысцкай Германіі, Польшча выключае яўрэйскія каманды з нацыянальнага чэмпіянату. Пiнхас Малевіч застаецца без працы, у той час ён ужо меў жонку і дзвюх дочак. Пасля сямейнага савета кіраўнік сямейства вырашаецца адправіцца ў ЗША ў пошуках лепшага жыцця. Перад ад’ездам ён сказаў жонцы і дзецям: “Чакайце, я вярнуся за вамі праз год…”

 

Мiр’ям і Двейра. На фатаграфіі дзецям 2 і 4 гады. 1940 г.

 

– Не паспеў бацька з’ехаць, як на Польшчу напалі. У 1939 годзе Гродна занялі рускія. За кароткі час Пiнхас здолеў назбіраць патрэбную суму на візу і квіткі для сям’і. Жонка з дзецьмі адправілася ў Маскву ў Амерыканскую амбасаду, каб праз іх хутчэй з’ехаць з краіны. Але Сталін адмовіў усім у выездзе, сям’я вымушана была вернуцца ў Гродна і чакаць.

 

Пазней горад занялі гітлераўцы. Усю сям’ю з усімі сваякамі пасялілі ў гета. Кагосьці расстралялі яшчэ ў Гродна, а дзеці з жонкай Ханнай загінулі ад катаванняў нацыстаў у Трэблінцы. Маленькія дзяўчынкі, якія да апошняга верылі, што за імі прыйдзе бацька, так і не дачакаліся яго.

 

Усе загінулі, таму бацька доўгі час не мог знайсці сабе месца. Ён вініў сябе, што ў той момант, ён павінен быў быць з сям’ёй.

 

Прайшлі гады, бацька ажаніўся ў другі раз. Яго другая жонка гэта была мая мама. Яе звалі Іда Іосіфаўна Перэльман. Яна нарадзілася ў ЗША, а яе бацькі прыехалі ў Штаты з Украіны яшчэ да рэвалюцыі. Я нарадзіўся ў 1949 годзе. Бацька тым часам адвучыўся на механіка і быў кіроўцам грузавіка, але пра спорт ён ніколі не забываў. Мы амаль кожны дзень хадзілі на стадыён гуляць у футбол.

 

Брыгада механікаў. Пiнхас Малевіч стаiць зправа. Чыкага 1953 г.

 

Бацька ніколі не забываў сваю першую сям’ю, заўсёды ганарыўся, тым што быў выхадцам з Гродна. Пiнхас Малевіч памёр у 1963 годзе, ва ўзросце 59 гадоў.

 

Праз 50 гадоў, я, яго сын, упершыню распавядаю падрабязна гісторыю свайго роду.

 

А вось уласна і я, Павел Малевіч, нашчадак вядомага гарадзенскага футбаліста Пiнхаса Малевіча. На фатаграфіі мы разам з маёй жонкай Зелдай Малевіч.

Я першы ў сваім родзе, хто не нарадзіўся ў Гродне. Бацька распавядаў, што наша сям’я жыла шэсць пакаленняў на гэтай зямлі. Зараз у Гродне засталася толькі мая прабабуля – Міра Авраамаўна, якая пахавана на яўрэйскіх могілках.

 

***

 

Доўгія пошукі не бываюць безвыніковымі. Мы працягваем збіраць па драбінках гісторыю, а вынік – гэтыя тэксты – прысвячаем тым, хто не паспеў уцячы ад смерці і пра каго забыліся.

 

Чытайце таксама:

 

Сям’я Наўмюк: гарадзенцы, якiя выратавалi яўрэйскага хлопца

 

Гарадзенскія яўрэі – iм не было куды ўцякаць

 

Праведнікі свету: Ян і Кацярына Карыевы

 

Дзённік Саламона: “У мяне быў сябар-хрысціянін за межамі гета”