Павел Савіцкі: “У Беластоку я не застануся”
Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся за каментаром да самога Савiцкага.
– Раскажы як у цябе справы ў Польшчы?
– Справы ідуць не вельмі, гуляю за другую каманду. Стаўленне трэнера да легіянераў зусім іншае, чым да палякаў.
– Як ты думаеш з чым гэта звязана?
– Нават не ведаю, можа чалавек такі.
– А што табе абяцаюць?
– Мне нічога ніхто не кажа. Проста перад выездам вывешваюць спіс, хто едзе, а хто не.
Трэніруюся з асноўным складам, а так даводзіцца гуляць за дубль.
– А што кажуць партнёры па камандзе?
– Ды нічога толкам не кажуць, таксама не разумеюць чаго не ставяць. Калі я адыграў два матчы ў складзе, мяркуё, што нядрэнна, набралі 4 ачкі.
Тут нават можна прывесці прыклад Матэуша Пянтковского. Яго адправілі ў дубль і забаранілі гуляць нават за другую каманду. Чалавек быў лепшым бамбардзірам пасля першага круга і лепшым у чэмпіянаце. А зараз ён нават не гуляе (як пішуць польскія СМІ, Пянткоўскі адмовіўся падпісваць новы кантракт з камандай і не гуляе па гэтай прычыне – ТС).
– Як ты бачыш бліжэйшую будучыню?
– У чэрвені заканчваецца кантракт, хутчэй за ўсё прыеду назад у Гродна. А можа яшчэ раней.
– Ёсць верагоднасць таго, што ”Ягелонiя” прапануе табе застацца?
– Я нават і не ведаю. Факт у тым, што я не застануся.
Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў (на здымку) на старонках “Прессбола” заступіўся за Савіцкага, якога моцна крытыкуюць польскія журналісты.
– Пазнаю польскіх журналістаў! Тры гады гуляў у “Ягелоніі” і ўжо тады бачыў: розніца у ацэнках аднаго і таго ж футбаліста ад непрымання да захаплення проста мізэрная.
Яны вельмі некарэктныя. Калі ў мяне не атрымлівалася, каменя на камені не пакідалі. Аб’ектыўнасці – нуль. Толькі пачаў забіваць – адразу загаварылі, што Серка прыгажун …
А Савіцкі павінен быў рыхтавацца да таго, што яго пачнуць “таптаць”.
Адразу яму сказаў: у Польшчы Вiталiча не будзе – там табе прыйдзецца ўсяго дамагацца самому.
Ні ў якім разе не апраўдваю Пашу, але трэнеры “Ягелоніі” таксама не знайшлі з ім агульнай мовы.
Сяргей Саладоўнікаў: Такіх футбалістаў нельга заганяць у стойла – да іх трэба падыходзіць інакш.
Яны прывыклі там працаваць з дысцыплінаванымі працаголікамі, а з таленавітымі і дзесьцi нават бесшабашнымi – не.
Хачу, каб Савіцкі вярнуўся як мага хутчэй.
У яго кантракт да чэрвеня – у бліжэйшы час паедзем на перамовы. Бо галоўны сэнс яго камандзіроўкі ў “Ягелонii” згубіўся: не гуляе – хай вяртаецца”.
Савіцкі перайшоў у “Ягелонію” у снежні мінулага года на правах арэнды, перад гэтым падпісаўшы кантракт з “Нёманам” да чэрвеня 2015 г.
Пры гэтым польскі клуб меў прыярытэтнае права выкупа футбаліста па сканчэнні дзеяння яго кантракта з гарадзенцамі.
У такім выпадку Савіцкі належаў бы польскай камандзе да канца 2019 г. Аднак стаць асноўным гульцом польскай каманды ў Паўла не атрымалася – на яго рахунку ўсяго пяць гульняў.
Вяртанне Савіцкага ў Гродна азначае крах надзеяў на тое, бедная скарбонка гарадзенскай каманды папоўніцца грашыма за выкуп гульца “Ягелоніяй”.
Цяпер кіраўніцтву клуба, у якім і так бракуе грошай на выплаты заробкаў футбалістам, трэба хутка шукаць варыянты, куды прадаць Савіцкага.
У канцы мінулага сезона намеры набыць Паўла выказвалі БАТЭ і мінскае “Дынама”.
Цяпер прадаць Савіцкага за тыя грошы, якія можна было атрымаць у лістападзе-снежні мінулага года, будзе нерэальна. Амаль усе беларускія клубы ледзь зводзяць канцы з канцамі.
Упаў і трансферны кошт на гульца, які меў апошнія паўгады зусім мала практыкі.
Так, паводле папулярнага нямецкага сайта transfermarkt.de трансферны кошт Савіцкага ўпаў у параўнанні з лістападам 2014 г. на 200 тыс. еўра і цяпер складае 700 тыс.
Паправіць сітуацыю Павел Савіцкі можа паспяховай гульнёй за моладзевую зборную каманду Беларусі, капітанам якой ён з’яўляецца.
11 чэрвеня нашая “маладзёжка” з Савіцкім у складзе згуляе ў гасцёх таварысцкую гульню супраць Англіі, а 14 чэрвеня ў Слуцку – супраць Расіі.
Фота jagiellonia.pl