Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: паўстанне Каліноўскага

Яны засяродзілі ўвагу на гістарычных міфах і месцах у Гародні, звязаных з паўстаннем.

Аляксей Кайрыс (на здымку ніжэй) узгадаў перадумовы паўстання і расказаў пра асобу Каліноўскага. Затым перайшоў да цікавых фактаў.

– “У Гародні ёсць некалькі месцаў, звязаных з паўстаннем.

 

Паўстанцы збіраліся ў гатэлі Ромера на вул. Савецкай, 23. А на вул.Савецкая, 7 дзе зараз “Оптыка”, Каліноўскі нават жыў.

 

Трэба дадаць, што шмат паўстанцаў сядзелі ў гарадзенскай турме, а яшчэ два тут былі пакараныя смерцю”.

Важнае месца ў аповедзе гісторыка займаў побыт гарадзенцаў таго часу і іх адносіны да расейцаў.

Рускім службоўцам даводзілася цярпець “оплевание во славу отечества”.

 

Нават жанчыны дазвалялі сабе пляўкі і лаянку ў бок “маскалёў”. Так, гасцям з Усходу даводзілася кожны дзень чысціць вопратку.

 

У рэстарацыях іх не абслугоўвалі па-расейску, а на пошце маглі затрымаць ліст ці нават прынесці яго адкрытым.

 

Як сімвал трауру па ахвярах расстрэлу дэманстрацыі ў Варшаве ў 1861 годзе жанчыны ў Гародні насілі чорнае жалобнае адзенне, а мужчыны апраналі шапку-канфедэратку альбо гарыбальдзійку.

 

У касцёлах спявалі патрыятычныя песні і гімны. У 1861-м годзе быў выпадак, калі гарадзенскія гімназісты закідалі камнямі губернатара, а потым пабілі яму шыбы ў доме.

 

Больш пра гэта чытай тут: “Оплевание во славу отечества…”

Гісторыкі зазначаюць:

Андрэй Вашкевіч распавядае ўдзельнікам сустрэчы пра паўстанне Каліноўскага


– Сучасная гісторыя паўстання – гэта барацьба міфаў.

 

Ёсць польскі міф, які паказвае паўстанне цалкам польскім.

 

Над беларускім папрацавалі адраджэнцы 20-х гг..

 

Ёсць і заходнерускі міф, які паказвае героем Мураўёва, які “перабіў тут усіх палякаў”.

Слухачы цікавіліся вынікамі паўстання.

 

– Вынікам паўстання стала татальная зачыстка і рэпрэсіі. Змяніўся і эканамічны стан сялянства, бо ўлады перацягвалі на свой бок сялян акурат эканамічнымі мерамі – распавёў Андрэй Вашкевіч.

– Я ўпэўнены, што калі б не было гэтага паўстання, не было б працягу змагарскай традыцыі – адзначыў Андрэй.

 

Паўстанне апошнія два гады актыўна даследуецца, выдаецца шмат літаратуры краязнаўча-экскурсійнага плану.

 

У 2010 годзе выйшаў нумар “Arche” адпаведнай тэматыкі.

 

Лекцыі ў “Краме Ц” будуць ладзіць і надалей.

На адну з бліжэйшых сустрэч плануюць запрасіць прафесара Вячаслава Шведа.