Чарговы сюрпрыз ад Гараднічанкі
Матэрыял, з якога яны зроблены – пяшчаннiк.
На двух фрагментах добра бачны надпiсы, на трэцiм можна разгледзець толькi адну лiтару, на якой захавалiся сляды жоўтай фарбы.
Чацвёрты фрагмент, самы большы, уяўляе аснову плiты, якая закопвалася ў зямлю.
– Як яны тут аказалiся, цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё, яны былi выкарыстаны немцамi ў якасцi будаўнiчага матэрыялу для рамонту (узвядзення) маста праз Гараднiчанку ў часы Другой сусветнай, або савецкай уладай пасля вайны – кажа краязнаўца Мечыслаў Супрон (на здымку ніжэй).
Карэспандэнт “Твайго стылю” сумесна з Мечыславам сабралі надмагільныя пліты і завезлі да сінагогі, побач з якой ужо ляжаць іншыя знойдзеныя ў апошні час кавалкі надмагільных пліт.
У апошні час у Гродне пачасціліся выпадкі такіх знаходак.
У асноўным, людзі знаходзяць пліты ў раёне стадыёна. Менавіта там у канцы 1950-ых гадоў былi знесены старыя габрэйскія могілкі. Па дадзеных гісторыкаў на могілках было больш за 15 000 пахаванняў.
Пасля зносу могілак, а яны мелi вельмі вялікія памеры, мясцовыя жыхары сталі разбіраць добрыя і роўныя пліты на гаспадарчыя патрэбы гаспадаркi. Надмагіллі апынуліся вельмі карысным будаўнічым матэрыялам для гараджан – людзі выкарыстоўвалі іх у падмурках сваіх дамоў, умацоўвалі імі дарогі, часта не маючы паняцця, што гэта такое.
Сведкі сцвярджаюць, што і пры ўсталявання асновы для помніка Леніну таксама былі выкарыстаны габрэйскія пліты з старых могiлак.
Нядаўна пад сінагогу прынеслі надмагільную пліту, якую знайшоў мясцовы жыхар у падмурку свайго дома.
Былі выпадкі, што і будаўнікі прывозілі пліты. Здаралася, што рэшткі помнікаў прывозілі і кідалі пад сінагогу ноччу, бо людзям сорамна было за сваіх сваякоў.
Краязнаўцы ўпэўненыя, што горад захоўвае яшчэ тыя месцы, дзе можа знаходзіцца вялікая колькасць габрэйскiх пліт.
Старажылы распавядаюць, што перад зносасам могілак ацалелыя габрэі абаранялicя, але калі зразумелі, што шанцаў няма, тады сталі пераносiць сваіх сваякоў на Занёманскiя могілкi.
Вядома, што ўсё не ўдалося перанесці. Ды і жыўшых габрэяў, чые сваякі пахаваныя былі на могілках, было некалькі дзясяткаў, бо рэшта некалі вялікай габрэйскай супольнасці загінула у час Халакоста.
Аб’явы, якія былі развешаныя перад зносам могілак, былі толькі звычайнай паказухай. Абараніць старыя могілкі не было каму.
У адзін з дзён у пачатку 1960-ых гадоў прыехалі два трактары, якія на працягу некалькіх тыдняў раўнялі могілкi.
А ў 1964 г. гарадзенская футбольная каманда ўжо гуляла на новым футбольным стадыёне.
Падобная сітуацыя была не толькі ў Гродне, але і ў Брэсце і Гомелі.