“Галоўнае не мучыць сваіх дзяцей і любіць іх такімі, якімі яны ёсць”

Штогод у Гродзенскай воблацi знікае больш за сто дзяцей. У асноўным пошукі заканчваюцца станоўча. Але ёсць і трагічныя выпадкі. Чаму дзеці сыходзяць з хаты і што трэба рабіць, каб гэта прадухіліць?

 

Пра гэта наш карэспандэнт паразмаўляў з супрацоўнікам пошукава-выратавальнага атрада “Цэнтр Спас” Яраславам Струцінскім. Хоць хлопцы і былі на пошуку, але адказаць на пытанні не адмовіліся.

 

– Як часта ў Гродне і вобласці знікаюць дзеці?


– Думаю, што частата – гэта вельмі суб’ектыўнае паняцце. На жаль, дзеці знікаюць. У параўнанні з дарослымі – вядома, нашмат радзей, а жывымі іх знаходзяць нашмат часцей. У гэтым годзе гродзенскі атрад “Цэнтр Спас” шукаў траіх хлапчукоў. Адзін з іх, на жаль, загінуў, другі быў знойдзены дзякуючы інфармаванню, а трэці хаваецца да гэтага часу, але рэгулярна трымае са мной сувязь.

– Якая асноўная прычына знікнення дзяцей?

– Складана адказаць. Думаю, што асноўная – гэта ўцёкі з сям’і, з адмысловых навучальных устаноў і г.д.

 

– Узгадайце якія-небудзь цікавыя пошукі дзяцей?

– Напэўна, самы цікавы – гэта калі яшчэ толькі зараджаўся атрад у Гродне, шукалі дзяўчынку ўначы. Знайшлі яе па грудзі ў балоце, яна ніяк не адгукалася, калі яе звалі. Знайшлі толькі дзякуючы таму, што непасрэдна на яе трапіў прамень фанарыка. Распавесці пра гэта можа наш старэйшы каардынатар, бо мяне яшчэ ў атрадзе не было. Ну і цяпер адбываецца адзiн цікавы момант. Хлопец, які лічыўся без вестак знікнуўшым, выйшаў са мной на сувязь, і мы з ім падтрымліваем кантакт. Аказалася – ён наўмысна хаваецца. Уся інфармацыя, натуральна, перадаецца ў міліцыю.

align=”” width=”515″ height=”344″ >
– Якога ўзросту дзеці ў асноўным знікаюць?

– У асноўным дзеці 12-16 гадоў.

 

– Раскажыце падрабязна пра вашы дзеянні пры паступленні сігналу аб знікненні дзіцяці. Як шукаеце і на што абапіраецеся?


– Дзеянні трохі адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, якая прыходзіць інфармацыя. Калі ад сваякоў – то варта падрабязна апытаць пра абставіны, прыкметы і г.д. Далей інфармацыя правяраецца праз міліцыю. Калі звяртаецца міліцыя – то адразу фарміруем арыентоўку і запускаем масавае інфармаванне. Калі месца згубы ці верагоднае месца вядома – то адразу фарміруем групу і iдзем на пошукi. Калі  інфармацыі не дастаткова – то праводзім апытанні і збор па іншых каналах. Калі дзіця згубілася ў горадзе – то выстаўляем патрулі, правяраем магчымыя месцы яго знаходжання і г.д. Калі ў лесе – то фарміруем групу для ляснога пошука.

 

– Часта паступаюць ілжывыя выклікі?

– Не, не часта. Літаральна пару разоў было. І то не па злым намеры, а проста чалавек не ведаў, што дзіця вельмі хутка знайшлі сваякі.

– Савет бацькам на будучыню, каб не дапусціць знікнення дзяцей.

– Галоўнае не мучыць сваіх дзяцей, любіць іх менавіта такімі, якімі яны ёсць цяпер. Не ставіцца да добрых адзнак як да чагосьцi звышважнага, таму што адукацыя – яшчэ не галоўны поспех у жыцці. Не трэба з дзецьмі заўсёды гаварыць з пазіцыі сілы і аўтарытэту, трэба пастарацца зразумець, што ж на самай справе адбываецца ў дзіцяці ў галаве і ў душы. Калі прытрымлівацца гэтых стандартных правілаў, то можна пазбегнуць знікнення дзяцей.