Гісторыя гродзенскай цэглы №20
Гродзенскі цагляны завод нумар №20 – продак сучаснага Камбіната будаўнічых матэрыялаў. Завод існаваў да 1950 года, калі быў злучаны з кафлярна-пліткавым заводам №19 і заводам па дабычы вапны і крэйды №5 і стаў называцца КБМам. Асноўныя вытворчыя магутнасці знаходзіліся ў раёне вуліцы Пушкіна – там якраз і рабілі цэглу. Вапну здабывалі каля раённай бальніцы, а кафлю рабілі на Чырвонаармейскай.
Пасля вызвалення горада ад акупантаў завод адразу прыступіў да вытворчасці такіх неабходных для аднаўлення Гродна будматэрыялаў. Але, мяркуючы па матэрыялам газет у першыя пасляваенныя гады, з працай не спраўляўся: завод недавыконваў вытворчыя праграмы, не даваў будоўлям горада сотні тысяч штук цэглы, чым ставіў пад пагрозу зрываў выкананне планаў будаўніцтва. За першыя пяць месяцаў 1946 года завод павінен быў сфармаваць 1.300.000 штук цэглы, а на 20 мая сфармаваў ўсяго толькі 482.000. За гэты ж перыяд завод не дадаў будоўлям 200 тысяч штук абпаленай цэглы і 2137 тон вапны.
«Гродзенская Праўда» за 1946 г. пісала, што 16 траўня завод адгрузіў 30.000 штук цэглы на будаўніцтва першага Беларускага цукровага завода. Уся гэтая партыя цэглы была па сутнасці бракам: 50% адгружанай цэглы складаў недапал, 15-20 палоўняк, 15 перапал (жалязняк). Астатняя частка мела шэраг дэфектаў, не дазваляючых ўжываць у фасадным муру з-за няправільнай формы, адбітых кутоў і адсутнасці ярка выяўленых граняў.
Было ясна, што такая цагліна не магла быць выкарыстана ў будаўніцтве прамысловых будынкаў. Не лепшай якасці была і выпускаемая вапна.
– Гродзенскі цагляны завод №20 выпускае брак і робіць злачынную антыдзяржаўную справу. А абласное ўпраўленне будматэрыялаў, гарадское ўпраўленне партыі і гарсавет не толькі не прымае рашучых мер да бракаробаў, але, па сутнасці, занялі пазіцыю іх абаронцаў, – так пiсала «Гродзенская праўда» у 1946 годзе.
На жаль, прасачыць за далейшымі падзеямі, звязанымі з гродзенскай цэглай, нам не ўдалося. Але цікава іншае: праз больш за 60 гадоў пасля гэтых запісаў у газеце на вуліцах Гродна мы заўважылі, што падобная цэгла выкарыстоўваецца для рэканструкцыі некаторых будынкаў.
Варта адзначыць, што такая цэгла мала чым адрозніваецца ад цэглы 19 стагоддзя – тэхналогія і матэрыял былі акурат такія ж самыя да канца 50-х. Так што цэгла, якая трапілася нам, магчыма, яшчэ больш старэйшая.